- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

У госці да птушак

 

У першы дзень красавіка ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень птушак. Вучні трэцяга класа Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна таксама далучыліся да ўсіх аматараў прыроды і напапярэдадні адсвяткавалі дзень птушак.

З прыгожага спеву птушак пачалося мерапрыемства “В гости к пернатым друзьям”. Пад спеў птушак дзеці раптоўна трапілі ў казачны лес, дзе іх сустрэла Мудрая Сава і пазнаёміла з гісторыяй і традыцыямі свята. Для таго каб дзеці не заблукалі ў вялікім і таямнічым лесе, яна задала ім пытанні пра народныя прыметы, якія прадказваюць надвор’е і дапамагаюць правільна знайсці дарогу дадому без компаса. Адказаўшы на пытанні Мудрай Савы, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі па маленькай птушачцы-сувеніры. На ўзлеску дзеці ўбачылі хатку на курыных ножках, у якой ляжала паштоўка ад Бабы Ягі. Каб працягнуць падарожжа, ім неабходна было выканаць яе заданне “Угадай мелодыю”. Дзеці з захапленнем адгадвалі песні ў двух намінацыях: “Песні пра птушак” і “Птушыныя галасы”. За правільныя адказы трэцякласнікі атрымалі чароўнае пяро Жар-птушкі.

Але ж якое падарожжа без Кашчэя Несмяротнага! І калі дзеці падыйшлі да вялікага старога дуба, то ў яго дупле знайшлі наступную паштоўку з заданнем ад казачнага героя. Гэта быў конкурс “Правілы паводзін у лесе”, а за правільныя адказы дзеці атрымалі чароўнае яечка-сувенір, які з’яўляецца сімвалам несмяротнасці і пачатку новага жыцця птушак.

Дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі пра птушак, успаміналі прыметы, звязаныя з імі і даведаліся, якія гукі выдаюць розныя птушкі, пазнаёміліся з птушкамі-сімваламі. Таксама трэцякласнікам вельмі спадабалася музычная паўза, дзе ўсе танцавалі пад “Танец маленькіх качанят”.

У канцы мерапрыемства школьнікі паказалі інсцэніроўку “Вярнуліся з цёплага краю”, паглядзелі відэаролік “Пералётныя і зімуючыя птушкі”, падвялі вынікі дамашняга конкурсу малюнкаў “Беражыце птушак!”.

Завяршылася наша падарожжа выказваннямі дзяцей: “Птушкі прыносяць вялікую карысць і радасць людзям!”, “Цяжка і сумна было б жыць на свеце без птушак!”, “Няхай птушыныя галасы не змоўкнуць ніколі!”, “Беражыце птушак!”, “Птушкі – нашы верныя сябры!”

Хочацца верыць, што правёўшы падобнае мерапрыемства, мы з дзецьмі здзяйснілі гэтай маленькай справай – вялікую. Прырода просіць дапамогі, і дапамагчы ёй можам толькі мы з вамі. Толькі агульнымі намаганнямі мы можам дамагчыся поспеху, толькі з адкрытым сэрцам дапаможам птушкам і прыродзе ўвогуле.

 

Марына КАМІСАРАВА,
настаўнік пачатковых класаў
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий