- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Агарод у нас добры!

 

На падаконніках дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г. п. Зэльва з’явілася яркая разнастайнасць “агародаў”.

Метадычная тэма адукацыйнай работы ў гэтым навучальным годзе была накіравана на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу праз стварэнне прадметна-прасторавага развіццёвага асяроддзя ва ўстанове дашкольнай адукацыі. У рамках гэтай тэмы сярод узроставых груп прайшоў конкурс “Агарод у нас добры!”

Прыемнае абуджэнне вясновай прыроды ў першую чаргу адчуваецца ў групавых пакоях, калі сонейка ўсё часцей заглядвае ў вокны, і жаданне наблізіць вясну захоплівае. Мы з дзецьмі пачынаем вясновыя працы на падаконніку ў агародзе! Ставім галінкі, рыхтуем зямлю, саджаем насенне, цыбулю і г.д. Агарод на падаконніку прызначаны не толькі для афармлення кутка прыроды, але і для пашырэння ведаў пра расліны, умовы іх жыцця і росту, асяроддзе пражывання.

Дзеці другой малодшай групы № 11 сумесна з выхавальнікамі і бацькамі стварылі макет “У бабулі ў вёсцы”. Яны з вялікім энтузіязмам прымалі ўдзел у пасадцы насення, а зараз гэтак жа з задавальненнем назіраюць за тымі працэсамі, якія запусцілі самі, робяць першыя спробы па догляду за ўсходамі.

У старшых групах № 8 і 12 для стварэння агарода на падаконніку быў выкарыстаны канструктар Лега. А ў сярэдняй групе № 7 з “будаўнічага матэрыялу” былі пабудаваны дамы, плот, кветкі, гаспадары агароду, вароты. Дадаткова выкарыстоўвалі “трактар”, які вязе ўвесь агарод.

У нашым агародзе на акне можна ўбачыць не толькі вырашчаны авёс, гарох, фасолю, бабы, але і эксперыментаванне па прарошчванні цыбулі ў адкрытым грунце, у закрытым пакеце, у вадзе. Старэйшыя дашкаляты з захапленнем вядуць запісы сваіх назіранняў у дзённіках і робяць вывады пра ўмовы, неабходныя для росту і развіцця раслін.

У выхаванцаў дашкольнага ўзросту праяўляецца цікавасць да працэсу вырошчвання раслін.

У кожным агародзе ёсць свой “гаспадар”, які адказвае за парадак у агародзе: Вясёлыя рыбакі, Трактарыст-агароднік, Бабуля Алена, Дзед Міхась і бабуля Ганна, Вясёлая Гаспадыня. Самым крэатыўным гаспадаром прызнана Пудзіла ў групе № 4, якое пільна сочыць за парадкам на сваім агародзе.

Конкурс паказаў, колькі фантазіі і творчасці ўкладаецца ў гэту справу педагогамі, дзецьмі, бацькамі. Асяроддзе, створанае дарослымі, спрыяе развіццю і выхаванню дзяцей з маленства.

Гэта толькі пачатак нашай агароднай гісторыі. З выгадаванай агародніны дзецям асабліва смачны суп з зялёным кропам і цыбулькай. А пра цікавую працу, якая яшчэ чакае нас у агародзе, мы распавядзем вам пазней.

Яшчэ больш фота можна ўбачыць на нашым сайце https://dcrr1-zelva.schools.by/photoalbum/771842

 

Таццяна КАРАВАЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г. п. Зэльва

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий