- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Цыбульнае царства, створанае дашкалятамі

 

У малодшай групе ясляў-сада № 2 Свіслачы на падаконніку размясцілася сапраўднае цыбульнае царства. А пачыналася ўсё з выбару раслін для пасадкі. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі рэкамендуе выбіраць буйное насенне, таму мы спыніліся на цыбулі.

У ходзе дыдактычнай гульні “Каб цыбулька хутчэй расла” дзеці пазнаёміліся з умовамі, неабходнымі для росту раслін. Гульнявая сітуацыя “Што для чаго?” дазволіла хлопчыкам і дзяўчынкам вызначыцца з прыладамі працы, якія робяць догляд за пасадкамі больш эфектыўным. Падчас чытання мастацкай літаратуры, гутарак, разгледжвання ілюстрацый малыя даведаліся пра карысць цыбулі, яе разнавіднасці.

Далей мы падрыхтавалі глебу, насенне і латкі, надзелі фартухі, закасалі рукавы і прыняліся за справу. Мы не проста высадзілі цыбулю, а вырашылі паэксперыментаваць і параўнаць, дзе яна хутчэй прарасце, у якой будзе больш пёркаў. Мы пасадзілі вычышчаную цыбулю са зрэзанай верхавінай і проста цыбуліну, без усялякай падрыхтоўкі. Аказалася, хутчэй ўзышлі падрыхтаваныя цыбуліны, а пышней былі цыбуліны са зрэзанымі верхавінамі.

Радасці і захапленню выхаванцаў не было мяжы, калі адной прыгожай раніцай яны ўбачылі, што агарод ператварыўся ў сапраўднае казачнае царства. Стражнікі ахоўваюць уваход у замак. Уздоўж сцежак размясціліся лабірынты з цыбулі, а па сцяжынцы прагульваюцца прынцы і прынцэсы.

З захапленнем малыя даглядаюць за пасадкамі: рыхляць зямлю, паліваюць ўсходы. З цікавасцю накіроўваюцца, прыйшоўшы ў дзіцячы сад, да агарода, паглядзець на колькі падрасла цыбулька.

       

Вынік назіранняў мы старанна адзначаем у дзённіку. А за руплівую працу прынц Цыбулінка песціць маленькіх агароднікаў цікавымі загадкамі і казкамі. Кніжкі-малышкі “Як Саша стаў нехварэйкай”, “Як гародніна пасварылася”, “Прыгоды прынца Цыбулінкі” чакалі хлопчыкаў і дзяўчынак каля агарода. З захапленнем падбіралі малыя ўборы на баль для прынцэсы Цыбуліі, асвоіўшы новы спосаб малявання штампам.

А якая смачная цыбуля, вырашчаны сваімі рукамі! Малыя не толькі самі з задавальненнем ласуюцца карыснай гароднінай, але і частуюць усіх жадаючых. Такім чынам, агарод на падаконніку – гэта не толькі пазнавальна і карысна, але і вельмі весела.

Тое, што пасаджана сваімі рукамі, выклікае захапленне і беражлівыя адносіны да свайго тварэння. Далучэнне дзяцей да працы па вырошчванні разам з дарослымі гародніны на акне развівае мэтанакіраванасць, назіральнасць, выхоўвае цікавасць да свету раслін і наогул да ўсяго жывога, мае вялікае значэнне ў пазнавальным развіцці дзяцей, выхаванні экалагічнай культуры, правільных паводзін у прыродзе. Веды і ўменні, атрыманыя ў ходзе працы на міні-агародзе, вельмі спатрэбяцца нам з выхаванцамі ў маі, калі зямельныя справы перанясуцца на сапраўдны агарод.

 

Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий