- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Атрымалі заслужаныя ўзнагароды

 

На Магілёўшчыне падвялі вынікі штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў 2020 годзе.

У поспехах любога чалавека, ёсць маленькая крыха заслуг яго настаўніка, таму настаўніцкая праца ніколі не застаецца незаўважанай. За дасягненні высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці педагагічныя калектывы заўсёды атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Такімі ўзнагародамі было адзначана настаўніцтва Магілёўшчыны

Негледзячы на пэўныя складаныя моманты, навучальныя ўстановы рэгіёна паслядоўна ажыццяўлялі работу па павышэнні якасці адукацыі і развіцці адукацыйнай сферы. Лепшыя педагагічныя калектывы адпаведна ўзнагародзілі.

Так, сярод гарадскіх упраўленняў па адукацыі дыплом першай ступені атрымала ўпраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама. У групе сярод раённых аддзелаў па адукацыі пераможныя дыпломы ўручылі аддзелу па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама і аддзелу па адукацыі, спорце і турызме Клічаўскага райвыканкама.

Лепшымі ў ажыццяўленні дашкольнай адукацыі сталі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна. Найбольш эфектыўна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі спрацавалі гімназія № 3 Магілёва і Кадзінская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. А самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі за мінулы год прадэманстравалі Шклоўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку і Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Горак.

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі лепшай была прызнана работа Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава. Сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі перамога аказалася ў Магілёўскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа, у профілі дадатковай адукацыі – у калектыва Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска, а сярод СПЦ – у Клічаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Падчас урачыстай цырымоніі заслужаныя ўзнагароды знайшлі і лідараў абласных круглагадовых спартакіяд навучэнцаў. Пераможцамі ў сваіх намінацыях былі прызнаныя ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, аддзел па адукацыі, спорце і турызме Кіраўскага райвыканкама, Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны таргова-эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж.

Акрамя таго, шэраг педагагічных работнікаў атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды: граматы Міністэрства адукацыі, ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу РБ, галоўнага ўпраўлення па адукцыі Магілёўскага аблвыканкама. Былі і тыя, каго адзначылі нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Гэта настаўнік працоўнага навучання Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Алена Эдуардаўна Заблоцкая, майстар вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Валянцін Віктаравіч Зайцаў, загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва Алена Іванаўна Крукоўская.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара


Больш фота глядзіце на сайце http://nastgaz.by

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий