Эксперыменты з морквай

- 17:32ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Пры слове морква нам уяўляецца салодкая хрусткая гародніна аранжавага колеру. Вучні пачатковых класаў Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна здзівіліся, калі даведаліся, што морква бывае і іншага, нязвыклага для нас колеру. Прычым, аказваецца, першая ад прыроды морква была зусiм не аранжавая, а фіялетавая. І гэта не фантастыка! Таму рашылі правесці сваю даследчую работу.

Наш клас невялікі, усяго дзевяць чалавек, але ўсе мы – сельскія жыхары, і нашы дзеці спяшаюцца раніцай у школу з пяці вёсак. Усе яны стараюцца добра вучыцца, а яшчэ з дзяцінства прывучаны дапамагаць бацькам дома. А якая асноўная праца на сяле? Вядома, праца на агародзе. Таму на кожным падворку з вялікай любоўю ўладкаваны градкі. Так прыемна і хвалююча назіраць, як увесну на градках з’яўляюцца першыя нясмелыя ўсходы.

Даша неяк заўважыла, што на адной градцы ўсходы з’яўляюцца заўсёды вельмі позна. Ёй не цярпелася даведацца, хто ж там спіць так доўга? Аказалася, што гэта яе любімая морква. На ўроку “Чалавек і свет” мы, вядома, вывучаем агароднінныя расліны, але дзяўчынка выступіла з прапановай даведацца пра гэтую “спячую прыгажуню” больш, раскрыць усе яе сакрэты. Увесь клас падтрымаў яе прапанову. Тата Дзімы – аграном. Ён здзівіў нас, расказаўшы, што морква бывае не толькі аранжавага колеру.

На сваім “навуковым” савеце мы вырашылі даведацца, якія існуюць гатункі морквы, акрамя традыцыйных, і ці можна іх культываваць у нашых прыродных умовах. Мы не сядзелі склаўшы рукі, а знайшлі і вывучылі інфармацыю пра моркву як сельскагаспадарчую культуру, пра біялагічныя асаблівасці экзатычных гатункаў морквы, спосабы пасеву і догляду.

 

Далей адшукалі насенне. Ды яшчэ якое! “Фіялетавая каралева”, “Белая каралева”, “Жоўтая каралева”, “Аранжавая фея” – морква вось якіх гатункаў павінна была дапамагчы нам эксперыментальным шляхам даказаць, што экзатычныя гатункі морквы аптымальна падыходзяць для нашай мясцовасці, не саступаюць па якасці і ўраджайнасці традыцыйным.

У выніку праведзенай намі работы мы не толькі адкрылі для сябе новую, незвычайную для нас моркву, але і набылі ўменне, уласны вопыт па яе вырошчванні, даказалі, што ўсе нашы “каралевы” можна вырошчваць на нашых палях у нашых кліматычных умовах, а па ўраджайнасці яны нават пераўзыходзяць традыцыйныя.

Мы даведаліся пра карысць морквы для дзіцячага арганізма, а яшчэ падрыхтавалі шмат страў з незвычайнай морквы і запрасілі бацькоў, настаўнікаў і навучэнцаў нашай ўстановы на дэгустацыю. Усе аднагалосна адзначылі, што па смакавых якасцях экзатычныя гатункі морквы ніколькі не саступаюць традыцыйным. “Жоўтая каралева” аказалася самай салодкай, “Белая каралева” – самай далікатнай, а “Фіялетавая каралева” – самай духмянай і яркай!

Цікава, што толькі адна морквіна ў дзень спрыяе з’яўленню станоўчых эмоцый. Яшчэ старажытныя грэкі лічылі, што яна змякчае чалавечыя сэрцы і вучыць людзей быць любячымі і цярплівымі. І мы сваю “рознакаляровую каралеву” назаўжды палюбілі!

 

Ірына РАЧКО,
настаўнік пачатковых класаў
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий