- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Шлях – у Маладзёжную сталіцу 2021 года

 

Гродзенская вобласць вельмі багатая на аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Пра гэта вучні сярэдняй школы № 11 Ліды ведаюць дакладна. Іх турыстычныя маршруты прайшлі праз шматлікія райцэнтры Гродзеншчыны: Навагрудак, Дзятлава, Слонім, Іўе, Ашмяны, Смаргонь, Астравец. Чарговае падарожжа прывяло школьнікаў у Маладзёжную сталіцу 2021 года – горад Гродна. Надзвычай цікавай і запамінальнай для вучняў 68 класаў стала гэтая паездка.

Гродна – горад, які называюць сёння і горад-музей, і каралеўскі горад. Сапраўды, як заўважылі дзеці, кожны будынак у гістарычным цэнтры горада мае сваю багатую гісторыю. Два замкі, храмы розных канфесій, палацы, музеі, помнікі і шмат іншых аб’ектаў. А яшчэ ўразіў вучняў і той факт, што захаваліся ў Гродна будынкі розных гістарычных эпох: ад XII да XIX стагоддзяў. Гораду пашчасціла, бо ў цэнтры захавалася яго гістарычная планіроўка.

Што ж убачылі юныя падарожнікі і якія аб’екты наведалі? А пачалося знаёмства з маладзёжнай сталіцай з пешаходнай прагулкі: вучні ўбачылі і пачулі цікавыя факты пра такія значныя гісторыка-культурныя аб’екты, як сінагога, пажарная каланча, стары и новыя замкі. Падчас экскурсіі школьнікі даведаліся, што гісторыя і развіццё горада ў розныя часы залежыла ад такіх вядомых у гісторыі нашай краіны людзей, як Давід Гарадзенскі, Вітаўт, Стэфан Баторый, Станістаў Аўгуст Панятоўскі, Антоній Тызенгаўз і шмат іншых.

Сярод музеяў, якія наведалі школьнікі – адзіны ў Беларусі музей гісторыі рэлігіі, аптэка-музей і анатамічная экспазіцыя “Гродзенская кунсткамера”. Багатыя і змястоўныя экспазіцыі, разнапланавыя па кірунках і тэмах, выклікалі ў дзяцей вялікую цікавасць.

Працягам знаёмства з горадам-музеем стала наведванне храмаў і памятных мясцін. Самымі старажытнымі і значнымі са шматлікіх помнікаў Гродна, якія наведалі школьнікі, сталі Кафедральны сабор Святога Францыска Ксаверыя, пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя, памятны знак на месцы, дзе калісьці ўзвышалася Фара Вітаўта (Сафійскі сабор), якая праіснавала з XIV стагоддзя да 1961 года, і, вядома, Каложская царква, помнік архітэктуры XII стагоддзя. Кожны храм запомніўся дзецям і знешне, і сваім унутраным убраннем, і святынямі, якія беражліва зберагаюцца там на працягу не аднаго стагоддзя.

Атрымаўшы шмат новых і змястоўных ведаў, крыху змораныя, але задаволеныя падарожжам па старажытных вуліцах Гродна, вучні вярнуліся ў Ліду і падзяліліся ўражаннямі з роднымі і сябрамі, каб заахвоціць іншых наведаць цудоўны і надзвычай цікавы горад.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий