- Карэкцыйная педагогіка. Вопыт, Метадычка

Мультымедыйныя прэзентацыі-гульні на карэкцыйных занятках

 

Ганна ЦЫГАНЕЦ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Яслі-сад № 22 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Асноўная задача настаўніка-дэфектолага на карэкцыйных занятках – навучыць дзяцей дашкольнага ўзросту граматычна правільна, паслядоўна і складна выкладаць свае думкі. Перад кожным настаўнікам-дэфектолагам стаіць пытанне, як зрабіць карэкцыйныя заняткі цікавымі, эфектыўнымі, навучальнымі. Гэта галоўныя праблемы, якія неабходна вырашаць педагогу ў сваёй рабоце з дзецьмі.

Працуючы з дашкольнікамі, якія маюць маўленчыя парушэнні, я сутыкнулася з праблемай з працяглай аўтаматызацыяй пастаўленых гукаў. Гэта працяглы і працаёмкі працэс, які цяжка спрагназаваць па тэрмінах і выніках, бо ён залежыць ад шматлікіх прычын (узроўню развіцця маўленчаслыхавой памяці, фанематычных працэсаў, самакантролю і іншых.). Скарбонка настаўніка-дэфектолага павінна мець вялікую колькасць наглядна-гульнявога матэрыялу, што дазволіць дасягнуць станоўчай дынамікі пры аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі гукаў.

Разважаючы над тым, як зрабіць індывідуальныя карэкцыйныя заняткі больш прадуктыўнымі, развіццёвымі, цікавымі для дзяцей дашкольнага ўзросту, я вырашыла распрацоўваць мультымедыйныя прэзентацыі-гульні. У маёй скарбонцы ўжо ёсць такія гульні на аўтаматызацыю і дыферэнцыяцыю гукаў, як “Кот Леапольд адрознівае гукі [к] – [т]”, “Прынц і прынцэса”, “У цырку”, “Тры каты”, “Смяшарыкі”, “Што хаваецца пад бервяном?”, “Адзін – шмат” для аўтаматызацыі гуку [р’]”. Такія камп’ютарныя гульні выклікаюць актыўную цікавасць у дзяцей.

Павінна адзначыць, што заняткі з прымяненнем мультымедыйных гульняў дазваляюць палепшыць якасць карэкцыйнага навучання, фарміраваць гукавымаўленне, удасканальваць фанематычны слых, уяўленне, канцэнтрацыю ўвагі да атрыманай інфармацыі, развіваюць дробную маторыку пальцаў рук.

Хачу звярнуць вашу ўвагу яшчэ на некалькі пераваг выкарыстання мультымедыйных гульняў, якія значна пашыраюць магчымасці педагога і бацькоў, працуючы з дзецьмі ў анлайн-рэжыме (праз дадаткі Zoom, Skype). Таксама мультымедыйная прэзентацыя-гульня можа быць прапанавана для індывідуальных заняткаў дома пад кіраўніцтвам бацькоў. Такім чынам, выкарыстанне прэзентацый гульняў на занятках, спрыяе карэкцыі гукавымаўлення, развівае маўленчую актыўнасць дашкольнікаў і павышае якасць і выніковасць работы настаўніка-дэфектолага ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий