- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

За прыроду ў адказе дарослыя і дзеці

 

У яслі-садзе № 161 Гомеля экалагічнаму выхаванню дзяцей надаецца вялікая ўвага. Тут створаны неабходныя ўмовы для паспяховай рэалізацыі педагагічнага працэсу экалагічнага выхавання.

У кожнай групе ёсць экалагічныя куткі, дзе дзеці пад кіраўніцтвам выхавальніка назіраюць за аб’ектамі жывой і нежывой прыроды, за сезоннымі з’явамі – як у группах, так і на агародзе і кветніках. Ужо зараз выхаванцы сярэдніх і старшых груп актыўна рыхтуюцца да пасадкі агародніны – высадзілі насенне на расаду і назіраюць за ростам раслін.

Створаная на тэрыторыі дашкольнай установы экалагічная сцежка дазваляе назіраць за аб’ектамі жывой і нежывой прыроды на працягу ўсяго года. На занятках выхаванцы знаёмяцца з прыродай Беларусі, багаццямі роднага краю, правіламі паводзін чалавека ў прыродзе, вучацца праяўляць спачуванне, імкненне дапамагчы жывым істотам. Разнастайныя экалагічныя гульні, пабудаваныя на сумеснай творчасці педагога і дзіцяці, гульнёвыя праблемныя сітуацыі даюць выхаванцам практычную мадэль правільных паводзін у прыродзе, фарміруюць усвядомленыя адносіны да ўсяго жывога.

На працягу навучальнага года рэгулярна ладзяцца розныя святы і забавы экалагічнай накіраванасці: “Мой край завецца Беларуссю”, “Восеньскі кірмаш”, “Гуканне вясны”, “Па старонках роднага краю” і іншыя. Такія формы работы дапамагаюць засваенню экалагічных каштоўнасцей і фарміраванню экалагічнай культуры асобы.

Для таго как работа па экалагічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту была паўнавартаснай, неабходна далучаць да яе і бацькоў выхаванцаў, паколькі менавіта сям’я дае дзецям першы вопыт узаемадзеяння з прыродай, далучае да актыўнай дзейнасці, паказвае прыклад адносін да яе. Таму бацькі нашых выхаванцаў – актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў у дашкольнай установе.

На пачатку навучальнага года выхаванцы разам з супрацоўнікамі і бацькамі пасадзілі на тэрыторыі дашкольнай установы маладыя дрэўцы, умацавалі іх, каб не зламаў вецер. А потым палівалі, хваляваліся, каб яны не загінулі ды каб ніхто не пашкодзіў іх.

Рэгулярна ў садку ладзяцца разнастайныя выставы з прыроднага матэрыялу, з садавіны і агародніны. Выставы малюнкаў дзяцей пра прыгажосць роднага краю, сямейныя газеты, дзе выхаванцы разам з бацькамі дзеляцца сваім вопытам экалагічнага выхавання, упрыгожваюць калідоры і фае дзіцячай установы.

Правядзенне розных акцый экалагічнай тэматыкі стала ўжо добрай традыцыяй. Узімку ўсе прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Сталоўка для птушак”. Разнастайныя кармушкі з розных матэрыялаў, зробленыя разам бацькамі, дзеці з гонарам развешвалі на пляцоўках і штодня спяшаліся пачаставаць птушак зернем і хлебнымі крошкамі.

“Незвычайны домік для птушак” – конкурс з такой назвай прайшоў нядаўна ў дзіцячым садку ў рамках акцыі “Вясну сустракаем, птушак гукаем”. Прыгожыя шпакоўні на любы густ выхаванцы разам з бацькамі і супрацоўнікамі павесілі на тэрыторыі дашкольнай установы і з цікавасцю назіраюць, калі і якія птушкі туды прыляцяць.

Штогод увесну, па-традыцыі, праходзіць акцыя “Упрыгожым наш сад кветкамі”, дзе выхаванцы разам з супрацоўнікамі і бацькамі афармляюць прыгожыя кветнікі, каб да самай позняй восені яны радавалі ўсіх сваімі фарбамі.

Такім чынам, мы спадзяемся, што набытыя ў дзяцінстве ўменні назіраць і разумець прыроду будуць выклікаць ў дзяцей глыбокую цікавасць да яе, пашыраць веды, будуць садзейнічаць фарміраванню сацыяльна каштоўных матываў адносін да прыроды, жадання ахоўваць яе.

 

Алла ГРЫБ,
загадчык
ясляў-сада № 161 Гомеля

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий