- Дашкольная адукацыя. Праекты, Метадычка

Праект “Патрыятычнае выхаванне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз беларускія народныя святы і абрады”

 

Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад г.п. Мір” Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Кожны высокаадукаваны чалавек павінен ведаць традыцыі і мову свайго народа. Адным з выхаваўчых сродкаў, які дазваляе з’яднаць нацыянальныя інтарэсы дзіцяці, з’яўляюцца беларускія народныя святы і абрады як арганічная частка народнай культуры. Праз іх не толькі поўніцца і актывізуецца беларускі слоўнік дзіцяці, выхоўваецца любоў і павага да роднай мовы і культуры, але і спасцігаецца светапогляд, душа, мудрасць, гумар, таленавітасць, майстэрства свайго народа.

На жаль, у цяперашні час няма натуральнага пераймання фальклору ад старэйшых. Народныя святы і абрады, няглядзячы на іх відавочную каштоўнасць і вялікі выхаваўчы патэнцыял, мала запатрабаваны ва ўстановах дашкольнай адукацыі, а іх творчае адраджэнне на фальклорным матэрыяле сваёй мясцовасці ўспрымаецца як свайго роду інавацыйны момант.

Таму праект “Патрыятычнае выхаванне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз беларускія народныя святы і абрады”, які здяйсняецца ў нашай установе адукацыі, накіраваны менавіта на далучэнне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу (выхаванцаў, іх бацькоў, педагогаў установы дашкольнай адукацыі) да беларускай народнай культуры, традыцый, фальклору праз правядзенне шэрагу народных святаў на фальклорным матэрыяле сваёй мясцовасці.

 

     Задачы праекта:

– распрацаваць сістэму азнаямлення ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу з народнымі святамі і абрадамі каляндарна-абрадавага цыкла беларускага народа;

– стварыць адпаведныя ўмовы для правядзення святаў і абрадаў у ўстанове дашкольнай адукацыі;

– распрацаваць сцэнарыі правядзення шэрагу народных святаў на фальклорным матэрыяле сваёй мясцовасці;

– стымуляваць творчую дзейнасць ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу;

– выхоўваць у дзяцей патрыятычныя пачуцці, любоў і павагу да сваёй спадчыны, да нацыянальнай культуры, мовы і традыцый беларускага народа.

 

     Працягласць праекта – адзін навучальны год. Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца ў чатыры этапы ўсімі удзельнікамі адукацыйнага працэсу (выхаванцы старэйшай групы, іх бацькі, педагогі ўстановы дашкольнай адукацыі).

 

     Падрыхтоўчы этап

Дыягностыка ступені інфармаванасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пра беларускія народныя святы і абрады, ролю святаў і абрадаў у патрыятычным выхаванні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Вывучэнне ступені прафесійнай падрыхтаванасці педагогаў установы дашкольнай адукацыі да арганізацыі і правядзення святаў і абрадаў беларускага народнага календара. Выяўленне гатоўнасці бацькоў да ўдзелу ў арганізацыі і правядзенні народных святаў і абрадаў.

 

     Арганізацыйны этап

Стварэнне належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы для правядзення святаў і абрадаў (набыццё беларускіх народных касцюмаў для дзяцей і дарослых, вырабаў народна-прыкладнога мастацтва і народных рамёстваў, прадметаў культурнай спадчыны, спецыяльнай тэматычнай літаратуры, фота і відэаматэрыялаў, сродкаў інфармацыйна-камунікатыўнага навучання). Падбор тэматычных матэрыялаў для правядзення арганізацыйнай работы (кансультацыі, гутаркі, лекцыі, дыскусіі і г.д.) з удзельнікамі адукацыйнага працэсу (выхаванцамі, педагогамі, бацькамі) з мэтай набыцця і засваення ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу спецыяльных ведаў, уменняў і навыкаў правядзення беларускіх народных святаў і абрадаў.

 

     Практычны этап

Выкананне ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу сістэмы распрацаваных мерапрыемстваў па рэалізацыі праекта “Патрыятычнае выхаванне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз беларускія народныя святы і абрады”.

 

     Заключны этап

Абагульненне і падвядзенне вынікаў праведзенай работы. Прэзентацыя атрыманых вынікаў праекта, распрацаваных сцэнарыяў, метадычных ідэй. Распаўсюджванне напрацаванага педагагічнага вопыту па тэме праекта.

 

     Чакаемыя вынікі

Набыццё, узбагачэнне, пашырэнне ведаў дзяцей праз народную культуру, багацце традыцый беларускага народа; развіццё творчых здольнасцей, эстэтычнага густу выхаванцаў; пашырэнне музычнага кругагляду; актывізацыя беларускага слоўніка, зацікаўленасць беларускім фальклорам; выхаванне павагі і пачуцця гонару за культурны патэнцыял свайго народа, жадання стаць носьбітамі культурнай спадчыны; фарміраванне ў выхаванцаў нацыянальнай самасвядомасці.

Сфарміраванасць у педагогаў установы дашкольнай адукацыі ўяўлення пра мэтазгоднасць выкарыстання народных святаў і абрадаў у адукацыйным працэсе, ролю святаў у патрыятычным выхаванні дзяцей; развіццё на практыцы індывідуальнага творчага вопыту арганізацыі і правядзення народных святаў і абрадаў; распрацоўка сцэнарыяў правядзення народных святаў з выкарыстаннем мясцовага фальклорнага матэрыяла.

Развіццё ў бацькоў пачуцця глыбокай павагі да нацыянальных традыцый і беларускай мовы; сфарміраванасць пазітыўных адносін да правядзення народных святаў і абрадаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі і ў сям’і; актыўны ўдзел бацькоў у праводзімых мерапрыемствах.

 

     Перспектыўнасць

Праект доўгатэрміновы. Яго перспектыўнасць заключаецца ў магчымасці пашырэння колькасці ўдзельнікаў (другія ўстановы дашкольнай адукацыі, пачатковыя класы першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі раёна), а таксама ў магчымасці далучэння да ўдзелу ў праекце супрацоўнікаў устаноў культуры раёна, народных гуртоў і калектываў.

У выніку рэалізацыі праекта атрымліваецца творчы выхаваўчы тандэм “педагогі – бацькі”, які, дзякуючы атрыманым сістэмным ведам і ўменням, фарміруе ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту патрыятычныя пачуцці, гонар за прыналежнасць да вялікага беларускага народу, спрыяе зараджэнню нацыянальнай самасвядомасці.

 

План рэалізацыі праекта PDF

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Аляхновіч, А.М. Беларускі дзіцячы фальклор /А.М.Аляхновіч. – Мінск : Беларусь, 1994. – 272 с.

2 Дубовская, Л.В. Маленькие граждане большой страны: программа патриотического воспитания детей дошкольного возраста “Спадчына” / Л.В.Дубовская. – Мозырь: Содействие, 2007.– 220 с.

3 Котович, О. Золотые правила народной культуры / О.Котович, Я.Крук. – Минск : Адукацыя і выхаванне, 2013.– 592 с.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий