- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

У падарожжа з лагерам “Сонейка”

 

З 29 сакавіка па 3 красавіка адзінаццаць кемлівых і знаходлівых вучняў Дварчанскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна на чароўным поездзе ажыццяўлялі захапляльнае падарожжа па родным краі ў аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем“Сонейка”.

Мерапрыемствы ў школьным аздараўленчым лагеры былі накіраваны на захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей, папулярызацыю беларускай гісторыі, выхаванне ў дзяцей патрыятызму, любові і павагі да малой радзімы, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця.

Штодзённа ўдзельнікі лагера наведвалі розныя краязнаўчыя станцыі, дзе знаёміліся з новымі куточкамі малой радзімы, праяўлялі свае таленты і творчыя здольнасці. Маршрут падарожжа пралягаў праз станцыі, якія адлюстроўваюць гісторыю і непаўторнасць прыроды роднага краю. На кожным прыпынку юныя вандроўнікі атрымлівалі пазлы, з якіх у канцы лагернай змены склалася цэласная карціна, якая раскрывае мэту падарожжа. Таксама кожны дзень дзеці атрымлівалі індывідуальныя зоркі за выкананне правіл лагера і актыўны ўдзел у мерапрыемствах. Выхаванцам, якія набралі найбольшую колькасць зорак, прысвоены статус юнага краязнаўцы.

Жыццё ў лагеры было арганізавана па “Статуце падарожніка”, а самыя яркія моманты занесены ў “Летапіс падарожніка” і памешчаны на школьным сайце. Былі наведаны станцыі “Здароўя”, “Родныя прасторы”, “Бяспечных паводзін”, “Спартыўная”, “Інтэлектуальная”. І кожны праведзены дзень – гэта нешта новае, цікавае, незабыўнае.

Школьны лагер аб’яднаў дзяцей розных узростаў. Ёсць такія, якія наведвалі яго ў першы раз, а ёсць навучэнцы, якія з’яўляліся яго актыўнымі ўдзельнікамі на працягу многіх гадоў. І кожны раз яны з задавальненнем наведваюць лагер, бо ўпэўнены, што іх чакае нешта новае і незвычайнае, таму што побач з імі іх выхавальнікі – людзі здольныя, творчыя і ініцыятыўныя. Творчыя конкурсы, квест-гульні, спартыўныя спаборніцтвы, паходы, хвілінкі здароўя і бяспекі дапамагаюць дзецям рэалізаваць свае магчымасці, праяўляць творчасць і ініцыятыву.

Традыцыйна зрабіць работу лагера больш разнастайнай і цікавай дапамагаюць работнікі Свіслацкага РАНС, Цэнтра культуры і вольнага часу аграгарадка Пацуі, Пацуеўскай бібліятэкі, Свіслацкага РАУС.

Падарожжа ў лагеры “Сонейка” працягнецца ў перыяд летніх канікул. Наперадзе ў маленькіх падарожнікаў новыя прыгоды, цікавыя адкрыцці і незабыўныя ўражанні, якіх яны імкнуцца дасягнуць ў кампаніі лепшых сяброў.

 

Святлана НІЧЫПАРУК,
дырэктар аздараўленчага лагера “Сонейка”
Дварчанскага дзіцячага сада – базавай школы аг.Пацуі
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий