- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Эканоміка для кожнага

 

Навучэнцы пачатковай школы Чэрыкава з нецярпеннем чакалі і рыхтаваліся да эканамічнага кірмашу “Эканоміка для дзяцей”. У гульнявой форме хлопчыкі і дзяўчынкі авалодалі ведамі пра асноўныя эканамічныя паняцці: попыт, прапанова, стартавы капітал, рэклама, зніжкі, рэгуляванне коштаў.

Напярэдадні агульнашкольнага мерапрыемствы педагог-арганізатар Натасся Сяргееўна Каўганава пазнаёміла вучняў 3–4 класаў з палажэннямі школьнага конкурсу на лепшую стратэгію “Эканамічная гонка” і ходам правядзення эканамічнага кірмашу.

Правілы ўдзелу ў конкурсе наступныя:

– кожная група акцябрат складае адну каманду, роўная колькасць чалавек ад класаў не патрабуецца;

– на тэрыторыі ўстановы адукацыі кожнай камандзе выдзяляецца пэўная тэрыторыя, на якой размешчаны стол, так званая база;

– каманды выбіраюць капітана, назву, два віды дзейнасці. Першы від дзейнасці накіраваны толькі на заробак, напрыклад, салон прыгажосці, пракат спартыўнага інвентара, сэлфі з казачным персанажам і іншыя. Другі дае магчымасць зарабіць не толькі камандзе, але і іншым удзельнікам гульні, напрыклад, гульня ў даміно, загадкі, латарэя і многае іншае;

– свае стартавыя капіталы каманды атрымліваюць у імправізаваным банку і распараджаюцца па сваім меркаванні. Грашовай адзінкай у гульні служаць дэталі пазла, так званыя “баты”.

– вітаецца пэўны знешні выгляд членаў каманд (наяўнасць значкоў, эмблем, пэўнага колеру альбо стыль у вопратцы) і афармленне базы ў адпаведнасці з канцэпцыяй сваёй стратэгіі гульні;

– ліміт гульні – 35 хвілін. Па заканчэнні часу капітаны перадаюць усе “заробленыя сродкі” членам журы для падвядзення вынікаў.

Класныя кіраўнікі разам са сваімі падапечнымі былі вельмі вынаходлівымі ў плане заробку і арганізацыйных момантаў. На тэрыторыі школы стракацелі плакаты, удзельнікі раздавалі купоны і лістоўкі. Сонечнае надвор’е і музычнае суправаджэнне мерапрыемства таксама спрыялі пазітыўнаму настрою ўдзельнікаў каманд і гасцей кірмашу.

Самай фінансава дасведчанай была прызнана каманда навучэнцаў 3 “Б” класа “Модуль Х” (класны кіраўнік Святлана Іванаўна Краўцова). Дырэктар установы адукацыі Святлана Уладзіміраўна Канавал ўручыла ўсім удзельнікам дыпломы, пераможцам – салодкія прызы.

Таццяна Міхайлаўна Мадудзіна, метадыст Чэрыкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, старшыня журы, адзначыла, што правядзенне эканамічнага кірмашу не толькі спрыяе фармаванню эканамічнай дасведчанасці, але і стымулюе творчую і даследчую дзейнасць.

 

Натасся КАЎГАНАВА,
педагог-арганізатар
пачатковай школы Чэрыкава

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий