- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

На канікулах мы любім вандраваць

 

Вучні 5–6-х класаў сярэдняй школы № 1 Смаргоні са сваімі класнымі кіраўнікамі Людмілай Дубоўскай, Аленай Цялега, Наталляй Працута і Віталем Лукашэвічам у сакавіку здзейснілі дзве экскурсіі па Беларусі: у Дукорскі маёнтак і ў вёску Станькава, на радзіму піянера-героя Марата Казея.

Ці любіце вы вандраваць? Мы вельмі любім. Мы цікавімся гістарычнымі месцамі, захапляемся прыгажосцю роднай краіны. У касцёлах і царквах нас уражвае архітэктура, характар напісання ікон і фрэсак, паданні і легенды, звязаныя з той ці іншай мясцовасцю. За гэты навучальны год мы наведалі Крэўскі замак, Смаргонскі лясгас і пітомнік, музей-сядзібу ў Залессі, касцёлы ў вёсках Солы і Крэва, Астравецкую АЭС, Астравецкі лясгас і пітомнік, касцёлы ў Гервятах і Астраўцы, Гальшанскі замак, касцёл, царкву і лясгас, касцёл у вёсцы Баруны.

Цудоўна, што беларусы захоўваюць і аднаўляюць традыцыі саломапляцення, ткацтва, пашыву лялек, кузнечнай справы, пчалаводства, ганчарнай справы, жывёлагадоўлі і стварэння прыгожых аранжэрэй і батанічных садоў!

У апошніх вандроўках мы наведалі гістарычны комплекс – партызанскі лагер: зямлянкі камандзіраў, салдат, медыцынскай дапамогі, “партызанскую школу” пад адкрытым небам, нават зямлянку-баньку. Наш экскурсавод нагадала пра цяжкія ваенныя гады, подзвігі нашага народа, у тым ліку і моладзі. Гэты мемарыяльны комплекс зямлянак, ваеннай зброі і тэхнікі пабудавалі на радзіме Марата Казея, які падарваў сябе , калі хацеў спыніць і знішчыць варожы танк. У Станькава амаль насупраць невялічкай хаткі, дзе жыў Марат са сваімі бацькамі, узвышаецца помнік у памяць хлопца.

Таксама мы завіталі ў экалагічны комплекс пад адкрытым небам, дзе гадуюць не толькі сельскагаспадарчых жывёл, але і драпежнікаў (тыграў, львоў, рысей, ліс, ваўкоў), трымаюць і разводзяць мноства птушак (паўлінаў, фазанаў, галубоў, кур, гусей, журавоў, буслоў, філінаў, страўсаў). У вальерах мы паназіралі за паводзінамі мядзведзя, які пасябраваў з маленькім сабачкам Анфісай, янотаў, янотападобных сабак. Пазнаёміліся з якамі, зубрамі, ламамі, поні, аленямі, касулямі, баранамі, козамі, выдрай. Завіталі на конеферму, дзе нават пакаталіся на кані! 

Напрыканцы экскурсіі экскурсавод запрасіў нас наведаць сядзібу графа Чапскага, пабудаваную ў XIX стагоддзі. Якая там прыгажосць! Парк са старажытных дрэў таго часу, мосцік і цагляная альтанка пад адкрытым небам кала рэчкі насупраць царквы, а скарбніца, як маленькі замак для прынцэсы, дзяўчынкі нават захацелі там пажыць! На жаль, сядзіба не рэстаўруецца, але мы спадзяемся, што калісьці адновяць і яе. 

Вандруйце! Атрымлівайце цудоўныя эмоцыі, развівайце пазнавальную цікавасць да роднага краю і нашай любімай Беларусі!

 

Людміла ДУБОЎСКАЯ,
настаўнік біялогіі
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий