- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Шчаслівая сям’я – калі ў згодзе тата, мама, я!

 

Менавіта так характарызавалі шчаслівую сям’ю выхаванцы сярэдняй групы ясляў-сада г. п. Мір Карэліцкага раёна падчас гутаркі-разважання “Шчасце ў маёй сям’і – гэта…”, якую ў рамках рэспубліканскай акцыі “Дом без гвалту” правяла выхавальнік дашкольнай адукацыі Н.А.Русецкая.

Хлопчыкі і дзяўчынкі наперабой расказвалі пра сваіх родных, сямейныя захапленні, як яны любяць разам праводзіць вольны час, якімі справамі любяць займацца ўсе сваякі.

Цікавыя адказы-разважанні былі атрыманы ад дзяцей падчас вырашэння розных праблемных сітуацый. Напрыклад, “Мама зайшла на кухню і заўважыла пабіты кубак. Што будзе далей?”, ці “Малодшы брат раскідаў цацкі і не хоча іх збіраць. Што на гэта скажуць бацькі?”.

У ходзе гутаркі таксама нагадалі пра абавязкі і правы членаў сям’і, асаблівую ўвагу надаўшы правам, якія маюць дзеці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У выніку гутаркі ўсе пагадзіліся, што сям’я – гэта згода, цяпло, любоў, пяшчота, дабрыня, спакой і бяспека. Таму спрэчкам, злосці, сваркам, а тым болей гвалту, не месца ў шчаслівай сям’і.

На памяць дзеці атрымалі інфармацыйныя буклеты “Выхаванне без гвалту”, якімі дома абавязкова падзеляцца з бацькамі.

 

Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г. п. Мір
Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий