- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Думай! Дзейнічай! Стварай!

 

Пад такім дэвізам у Круглянскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” прайшоў раённы конкурс агітбрыгад.

Як вялікая і магутная рака пачынаецца з маленькай крыніцы, так і гісторыя вялікай краіны пачынаецца з гісторыі асобнага чалавека і яго сям’і. Моцная тая краіна, у якой народ ведае і шануе сваю гісторыю. І наша маладое пакаленне ў чарговы раз даказала, што патрыятызм і любоў да Радзімы для іх не проста словы, а пасыл да дзеяння.

Конкурс праходзіў у рамках абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”. Удзельнікі прадстаўлялі сябе ў трох намінацыях: “Дакрануцца да Магілёўшчыны сэрцам”, “Валанцёрства – шлях да дасканаласці”, “Сугучча беларускага арнаменту”.

Каманды прадэманстравалі на сцэне творчыя выступленні, у якіх раскрывалася прыгажосць, гісторыя і духоўнае багацце малой радзімы. Канкурсанты распавядалі пра ролю Кругляншчыны ў гісторыі Магілёўшчыны, пра знакамітых людзей нашага раёна. Незвычайна і арыгінальна была паказана ўнікальнасць беларускага народа і яго традыцый, непаўторнасць беларускай культуры.

Па выніках конкурсу ў намінацыі “Валанцёрства – шлях да дасканаласці” перамагла каманда сярэдняй школы № 2 Круглага. У намінацыі “Сугучча беларускага арнаменту” не было роўных хлопцам і дзяўчатам з Філатаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, а ў намінацыі “Дакрануцца да Магілёўшчыны сэрцам” лепшымі сталі навучэнцы Рубежскага навучальна-педагагічнага комплексу.

Наш педагагічны калектыў упэўнены, што праз удзел у такіх конкурсах у маладога пакалення нараджаецца і сцвярджаецца актыўная жыццёвая пазіцыя, гонар за сваю малую радзіму і з’яўляецца жаданне больш думаць, рабіць толькі добрае, захоўваць лепшае, ствараць новае для будучыні і сучаснасці.

 

Таццяна КУБЕКА,
педагог-арганізатар
Круглянскага раённага цэнтра творчасці
дзяцей і моладзі “Вясёлка”

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий