- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Першыя крокі ў гісторыю Бацькаўшчыны

 

Алена ФЕДАРОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 27 г. Гродна”

 

З дзяцінства я захаплялася гісторыяй. Нават уяўляла, што буду экскурсаводам у музеі, каб расказваць людзям пра мінулае свайго краю. Але лёс вырашыў інакш. І вось болей за 30 гадоў я расказваю малодшым школьнікам гісторыю Бацькаўшчыны на ўроках курса “Мая Радзіма – Беларусь”.

Лічу, што гэта не проста ўрокі, а сапраўднае падарожжа ў мінулае. Яшчэ ў XVIII стагоддзі М.В.Ламаносаў пісаў: “Народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні”. Выказванне гэта актуальнае і ў нашыя дні. На ўроках курса “Мая Радзіма – Беларусь” дзеці не толькі спасцігаюць гістарычныя веды, але і даюць характарыстыку гістарычным асобам па іх учынках, сістэматызуюць падзеі адносна дат, аналізуюць важныя падзеі мінулага нашай краіны.

Неабходна, каб на ўроках гісторыі для 4-га класа былі прапанаваны разнастайныя віды работ па засваенні ведаў. Адным з відаў работы з’яўляюцца ўрокі краязнаўства. Правядзенне экскурсій, падарожжаў, наведванне музеяў, сустрэча са знакамітымі людзьмі краю заўсёды садзейнічаюць развіццю пазнавальнасці малодшых школьнікаў. А што выклікае цікавасць і пазнавальную актыўнасць, тое лепей адкладваецца ў памяці.

Пры вывучэнні тэмы “Старажытныя замкі” была праведзена экскурсія ў Лідскі замак. Вучні пазнаёміліся з пабудовай XIV стагоддзя. Усе мелі магчымасць прыняць удзел у інтэрактыўнай гульні “Бой з крыжакамі”. Яна была цікавай і запамінальнай.

Наведванне Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея дазволіла маім вучням дакрануцца да мінулага нашага краю. Дзеці ўбачылі макеты стаянак старажытных людзей. Экспазіцыя рэчаў людзей, якія з незапамятных часоў жылі на тэрыторыі Гродзеншчыны, выклікала шчырую цікавасць дзяцей. З вялікім гонарам за сваіх продкаў вучні слухалі расказ экскурсавода пра мужных, самаахвярных і доблесных людзей, якія аддалі жыццё за свабоду нашай краіны. Так, Давід Гарадзенскі, першы каштэлян горада Гродна, не пацярпеў ні аднаго паражэння ў бітвах з крыжакамі. Гарадзенскі полк на чале з ім адважна змагаўся са шматлікімі набегамі на наш край рыцараў-крыжакоў. Веды пра гэтыя часы спатрэбяцца вучням пры вывучэнні тэмы “У абарону сваёй зямлі”.

Самае галоўнае і важнае на ўроках “Мая Радзіма – Беларусь” – гэта дзейнасць вучняў. Каменціраванне, вызначэнне паслядоўнасці частак апавядання, пошук і тлумачэнне слоў і тэрмінаў у слоўніку, сістэматызацыя ведаў у гутарцы, чытанне адпаведнай мастацкай літаратуры, характарыстыка ўчынкаў гістарычных дзеячаў, азнаямленне вучняў з паказам аб’ектаў на карце, запаўненне контурнай карты, завочнае падарожжа ў падзеі мінулага, разгадванне крыжаванак па тэме, дэманстрацыя гістарычных рэчаў – усе гэта спрыяе трывалым ведам малодшых школьнікаў на працягу вывучэння гісторыі Бацькаўшчыны. Першыя крокі ў гісторыю нашай краіны садзейнічаюць абуджэнню пазнавальнай цікавасці і актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў пачатковай школы.

 

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий