- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Такі загадкавы космас

 

Напярэдадні Дня касманаўтыкі выхаванцам ясляў-сада № 3 Мастоў пашанцавала пазнаёміцца з касмічным прышэльцам, які дапамог у гульнявой форме папоўніць веды дзяцей пра космас і пазнаёміць з неабсяжнасцю сусвету.

Тэма космасу заўсёды цікавіць і заварожвае не толькі дарослых, але і маленькіх дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі марыць абследаваць касмічную прастору, пазнаёміцца з касманаўтам ці ўбачыць сапраўдны касмічны карабель. Асаблівае жаданне кожнага – сустрэць прышэльца з далёкай планеты.

Разам з касмічным прышэльцам выхаванцы даведаліся, што такое Сонечная сістэма, хто першым з людзей пабываў у космасе. Прагляд прэзентацыі “Касманаўты Беларусі” пазнаёміў з гісторыяй жыцця беларускіх касманаўтаў Алега Навіцкага, Уладзіміра Кавалёнка і Пятра Клімука.

У час спартыўнай забавы “Касмічнае падарожжа” выхаванцы паспрабавалі сябе ў ролі касманаўтаў. Ім давялося прайсці шмат выпрабаванняў, каб пабываць на розных планетах. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі паміж сабой, паказаўшы не толькі сваю хуткасць і смеласць, але і добрыя веды пра тое, якім павінен быць сапраўдны касманаўт. Весела і шумна прайшоў палёт на “луна-фітболах”, ачыстка планеты ад смецця, касмічныя эстафеты. Вельмі стараліся рабяты, запускаючы на хуткасць свае ракеты ў космас. А вывучаная падчас гульні лічылка дапамагла з лёгкасцю запомніць назвы ўсіх планет Сонечнай сістэмы.

Свае касмічныя веды выхаванцы папоўнілі праз чытанне тэматычных вершаў, загадак, апавяданняў, пазнавальныя гутаракі. Была арганізавана выстава дзіцячых кніг, энцыклапедый на тэму “Космас”.

Старэйшыя выхаванцы з гордасцю прадэманстравалі сваім маленькім сябрам шлем касманаўта, зроблены сваімі рукамі. З вялікім жаданнем і радасцю дзеці змайстравалі з падручных матэрыялаў сяброў для свайго госця-прышэльца, касмічныя караблі. Выстава дзіцячых малюнкаў, прысвечаная святу, раскрыла творчыя здольнасці кожнага выхаванца.

Падрыхтоўка да Дня касманаўтыкі не толькі папоўніла веды дзяцей пра свята. Самае галоўнае – яна падарыла ўсім шмат станоўчых эмоцый і пагрузіла ў атмасферу чагосьці чароўнага!

 

Вольга БУНКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 3 Мастоў

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий