- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Велапаходы – геаграфічная адукацыя ці аздараўленне?

 

Вучні Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна падчас канікул адправіліся ў падарожжа на веласіпедах.

У сучасным свеце ўсё большае значэнне набывае геаграфічная адукацыя. Акрамя вывучэння матэрыялаў падручніка, вучні павінны пашыраць свой кругагляд з дапамогай геаграфічнага краязнаўства, якое дазваляе ўсебакова вывучаць прыроду і гісторыю роднага краю. Дзякуючы краязнаўству можна выхоўваць любоў да прыроды малой радзімы, вучыць клапаціцца пра навакольнае асяроддзе.

Краязнаўчыя велапаходы – гэта адна з найбольш займальных форм работы з вучнямі. Падчас такіх паходаў выхоўваецца назіральнасць і самастойнасць, а таксама вынослівасць і адважнасць.

Адправіцца ў паход на вясновых канікулах на веласіпедах мы вырашылі яшчэ ў пачатку трэцяй чвэрці. На выніковым сходзе органаў самакіравання спланавалі маршрут, размеркавалі абавязкі і з нецярпеннем сталі чакаць падарожжа. Перапаўняла вялікае жаданне адпачыць ад мітуслівых дзён, ад вучобы і іншых спраў.

Сустрэўшыся ў двары школы, адправіліся па вызначаным накірунку. У вёсцы Маськаўцы, дзе быў першы прыпынак, мы навялі парадак на брацкай магіле, у якой пахавана каля 2500 мірных жыхароў, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Дабраўшыся да пункта прызначэння, размясціліся на ўскрайку лесу. Пераадолеўшы адлегласць у некалькі кіламетраў, кожны з нас адчуваў лёгкую стомленасць, але ўслых пра гэта ніхто не гаварыў, бо гэта быў толькі пачатак. Падсілкаваўшыся і адпачыўшы, вандроўнікі пачалі гуляць у валейбол, “Два агні” і ў іншыя гульні з мячом. Усім было весела і ад гэтага падымаўся настрой. Потым каталіся па лясной дарозе, ладзілі спаборніцтвы і адпачывалі. Дахаты вярнуліся толькі ўвечары. Велапаход завяршыўся пытаннем: “Ці хутка будзе новае падарожжа?”.

Здаецца, што менавіта на прыродзе, у поўным бязлюддзі і адноснай аддаленасці ад паселішчаў чалавек напаўняецца чыстай сілай і прыроднай энергіяй. А лес – гэта і ёсць ачышчальная сіла. Дрэвы, як антэны, распаўсюджваюць дабратворную энергетыку Зямлі. Палі і лугі дазволілі ацаніць прыгажосць і магутнасць прыродных ландшафтаў нашай малой радзімы.

Такі тып паходу па-свойму ўнікальны. Па-першае, ён выклікае вялікую зацікаўленасць вучняў, па-другое, велапаходы выконваюць аздараўленчую функцыю, якая ўключае ў сябе знаходжанне на свежым паветры, фізічныя нагрузкі, а таксама псіхаэмацыйную разгрузку. Атрыманыя веды вучні могуць выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці.

 

Іна АЛЬШЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 7-га класа
Казлоўшчынскай сярэдняй школыДзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий