- Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Метадычка

Прыём шасцівугольнага навучання (гексаў) на ўроках беларускай літаратуры

 

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА
Збароўскі яслі-сад – базавая школа імя К.Н.Осіпава”
Рагачоўскага раёна,
Гомельская вобласць

 

 

Прыём шасцівугольнага навучання прыдуманы і ўпершыню пачаў прымяняцца педагогамі Велікабрытаніі. Ён аказаўся цікавым і для настаўнікаў іншых краін, у тым ліку беларускіх. Прыём шасцівугольнага навучання, або прыём гексаў, уяўляе cабой складанне канструкцый з шасцівугольнікаў і аб’яднанне іх пэўнымі лагічнымі сувязямі. Гэта дазваляе знайсці сувязь паміж падобнымі і нават зусім рознымі з’явамі, падзеямі, рэчамі.

Я не першы раз карыстаюся прыёмам шасцівугольнага навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Падрабязней спынюся на прымяненні шасцівугольнікаў на ўроках літаратуры. Многія вучні ўжо паспелі палюбіць прыём шасцівугольнага навучання, таму што ён дазваляе хутка ўзнавіць веды, атрыманыя раней.

Карткі нагадваюць невялікія шасцівугольнікі, якія складваюцца паміж сабой у соты, прымяняць іх можна на любым этапе ўрока, складанасцей у вучняў такія заданні не выклікаюць.

Для вучняў 9-га класа ўрокі літаратуры сталі больш разнастайнымі, на гексах вучні змяшчалі і кароткія звесткі пра беларускіх пісьменнікаў, і ўрыўкі з прачытаных твораў, і свае ўражанні ад прачытанага.

Сямікласнікам гексы спадабаліся значна больш, чым вучням старшых класаў. Магчыма, гэта звязана з падборам праграмнага матэрыялу, які аказаўся блізкім і змог зацікавіць вучняў. Прымяняліся гексы пры вывучэнні апавядання Міколы Лупсякова “Мэры Кэт”. Па вядомай шасцібаковай схеме вучні лёгка склалі вобразы галоўных герояў твора. Удалося дадаць пэўнае спаборніцтва: вобраз Антона апісвалі хлопчыкі, а вобраз Эмы – дзяўчынкі. Гексамі вучні змаглі апісаць і падзеі твора. І да кожнай падзеі дадаваліся шасцівугольнікі з асабістымі адносінамі вучняў, што дазволіла развіць слоўнікавы запас вучняў, надаць увагу фарміраванню вобразнага мыслення.

Найбольш удалы вопыт карыстання гексамі атрымаўся на ўроках беларускай літаратуры ў 8-м класе. Пры вывучэнні аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык” да гексаў можна было звяртацца значна часцей, твор напоўнены апісаннямі герояў і заўвагамі аўтара пра кожнага з іх. Каб не было блытаніны, гексы складаліся адразу, так вучні хутчэй запаміналі характарыстыкі і вобразы байцоў. Пры вывучэнні паэмы Янкі Купалы “Магіла льва” гексы прымяняліся і на этапе рэфлексіі, вучні не толькі выказалі свае пачуцці ад прачытанага, але і хацелі зацікавіць сваіх сяброў невялікай рэкламай да твора.

Прыём шасцівугольнага навучання будзе і далей сустракацца на маіх уроках – гексы дазваляюць рабіць заняткі больш цікавымі і карыснымі.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий