- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Шматвектарнасць дадатковай адукацыі

 

Эпідэміялагічная сітуацыя дыктуе якасна новыя патрабаванні да больш эфектыўнай арганізацыі дадатковай адукацыі навучэнцаў. Вялікая ўвага ў працы Свіслацкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства надаецца правільнаму сімбіёзу дыстанцыйных, а таксама актыўных формаў і метадаў для фарміравання гарманічна развітай асобы грамадзяніна Беларусі.

Вялікую зацікаўленасць у дзяцей выклікаюць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах “Турызм і спартыўнае арыентаванне”, “Спартыўнае скалалажанне”, якія праводзяць на базе цэнтра вопытныя педагогі Алег Саган і Ігар Баяркін. Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем выконваюць усе практыкаванні, асвойваючы новыя элементы тэхнікі пешаходнага турызму і “баулдэрынгу”. Рэкамендацыі педагогаў, падтрымка родных падчас заняткаў (з захаваннем неабходных санітарна-эпідэміялагічных нормаў), абавязковы аналіз дапушчаных памылак дазваляе нашым выхаванцам паспяхова выступаць на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Не менш важную ролю адыгрываюць дыстанцыйныя формы арганізацыі працы. Сярод найбольш запатрабаваных у навучэнскай моладзі Свіслаччыны застаюцца анлайн-алімпіяды і анлайн-віктарыны, якія дапамагаюць раскрыць навуковы патэнцыял кожнага дзіцяці, праявіць яго інтэлектуальны ўзровень. Яркім прыкладам стала дыстанцыйная анлайн-віктарына “Вясна! Вакацыі! Веласіпед!”, якая прыцягнула да сябе вялікую ўвагу вучняў устаноў адукацыі не толькі Свіслацкага, але таксама Бераставіцкага, Лідскага раёнаў і горада Гродна. Цікавыя пытанні па развіцці веласіпеднага руху ў Беларусі, новыя факты з гісторыі сусветных велагонак сталі яскравымі момантамі мерапрыемства, а добрыя і канструктыўныя каментарыі ўдзельнікаў яшчэ раз пацвердзілі гэта.

Як паказаў час, менавіта распрацоўка шматвектарных форм і метадаў правядзення мерапрыемстваў дазваляе ў дастаткова поўнай меры раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці, стварыць умовы для арганізацыі паўнавартаснай дадатковай адукацыі навучэнцаў.

 

Уладзімір МІХАЛЬЧЫК,
педагог-арганізатар
Свіслацкага цэнтра турызму і краязнаўства

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий