Знаёмства з нетрадыцыйнай тэхнікай малявання эбру. Занятак для выхаванцаў старшай групы

- 11:14Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

 

Ганна ПУЗЫРОВА,
педагог-псіхолаг
ДУА “Яслі-сад № 4 г. Астраўца”,
Гродзенская вобласць

 

 

Сучасных дзяцей складана зацікавіць стандартным наборам матэрыялаў і тэхнік, узровень разумовага развіцця і патэнцыял новага пакалення патрабуе новых ідэй ад педагогаў.

Метады арт-тэрапіі шырока прызнаныя і актыўна выкарыстоўваюцца псіхолагамі ў сферы адукацыі для карэкцыі псіхалагічнага стану чалавека. Для лепшага карэкцыйнага эфекту выяўленчыя тэхнікі павінны быць нетрадыцыйнымі. Раз вопыт незвычайны, то зніжаецца кантроль свядомасці, слабеюць механізмы псіхалагічнай абароны.

Актуальнасць эбру – тэрапіі-малявання на вадзе – абумоўлівае той факт, што гэта інавацыйны метад, які імкліва набірае сваю папулярнасць.

Эбру адносіцца да “правапалушарнага” малявання. У дзяцей заняткі “правапалушарным” маляваннем павышаюць цікавасць да вучэбнай дзейнасці, дзеці становяцца спакайней, лягчэй пачынаюць рэагаваць на цяжкасці і перашкоды.

 

 

     Задачы: пазнаёміць выхаванцаў з тэхнікай малявання на вадзе, увесці паняцце “эбру”; развіваць уяўленне, маторыку, творчыя задаткі, практычныя навыкі выяўленчай дзейнасці, мастацкіх здольнасцей у цэлым; ствараць станоўчы эмацыйны настрой у групе; павышаць адаптацыйныя здольнасці выхаванцаў; карэкцыя розных адхіленняў і парушэнняў асобаснага развіцця, развіццё самакантролю, зняцце псіхаэмацыйнага напружання.

     Матэрыялы і абсталяванне: латкі для эбру, фарбы на алейнай аснове, вада з загушчальнікам, пэндзлі, шыла, піпеткі для набору фарбы, папяровыя сурвэткі, шчыльныя лісты паперы (па памеры латка), аўдыёзапіс спакойнай музыкі.

Ход занятка

 

Гульня-прывітанне “Круг радасці”

Педагог. Добры дзень, дарагія рабяты! У мяне сёння цудоўны настрой і я хачу перадаць яго ўсім вам. А дапаможа мне ў гэтым кветка.

Я запрашаю ўсіх устаць у круг радасці і сказаць адно аднаму добрыя пажаданні, перадаючы з рук у рукі “чароўную кветку”.

(Дзеці перадаюць адно аднаму кветку і прамаўляюць добрыя пажаданні).

 

Асноўная частка

(Педагог запрашае выхаванцаў падысці да стала).

Педагог. Рабяты, сёння мы з вамі станем сапраўднымі чараўнікамі.

Паглядзіце, што ляжыць у мяне на стале: фарбы розных колераў, пэндзлікі, латок з вадой, шыла, папера, сурвэткі і шкляначкі з вадой.

– Як вы думаеце, што мы з гэтым будзем рабіць? (маляваць)

– Ці можна маляваць па вадзе? (не) Чаму? (фарба раствараецца ў вадзе).

Дзеці, з дапамогай гэтых прадметаў можна маляваць малюнкі ў тэхніцы, якая называецца эбру. Эбру – гэта маляванне на вадзе. Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што мастацтва эбру ўзнікла ў Турцыі. Слова “эбр” азначае “падобны на воблака” або “вецер і аблокі”.

Зараз я вам пакажу і раскажу, як ствараюцца выдатныя ўзоры. У мяне ў латку не простая вада, якая цячэ з-пад крана, у яе дабаўлены спецыяльны загушчальнік, які зроблены з багавіння. Можаце пакратаць пальчыкам і параўнаць, на што яна падобная? (Адказ дзяцей). Яна падобная на вадкі кісель.

–  Я бяру пэндзлік, паглядзіце, якой ён формы?

Цяпер мы з вамі створым фон нашаму будучаму малюнку.

        –  Апускаем пэндзлік у фарбу. Распырскваем фарбу па вадзе, стукаючы пэндзлікам аб палец. Затым прамываем пэндзлік ад фарбы, астатнюю ваду ўбіраем сурвэткай. Бярэм наступны колер і паўтараем тое ж самае. І ў трэці раз робім таксама.

        – Цяпер я бяру чароўную палачку (шыла). Паглядзіце, яно не вельмі вострае, але трэба быць з ім асцярожней. Пачынаю вадзіць ім па вадзе ў розных напрамках. Можна ўявіць сабе якія-небудзь узоры і намаляваць іх. Таксама мы можам узяць грэбень і стварыць хвалепадобны малюнак, ён можа быць завершаны або служыць фонам для далейшага стварэння ўзораў.

 

Знаёмства з тэхнікай “Кветка”

Педагог. Зараз я вам пакажу, як можна намаляваць кветку. Я бяру піпетку, набіраю фарбу і апускаю яе на ваду, толькі ледзь-ледзь датыкаючыся да вады, кроплі фарбы расцякаюцца па паверхні вады, на адзін колер кладзецца іншы. Гэта падобна на магію. Каляровыя кроплі не раствараюцца ў вадзе, а толькі расплываюцца.

Затым зноў апускаем піпетку ў фарбу іншага колеру і паўтараем гэтыя ж дзеянні. Каб нашы колы былі больш цікавымі, надамо ім форму з дапамогай палачкі (шыла), адвядзем фарбу ад краю да цэнтра круга, і ў нас атрымліваюцца прыгожыя кветкі. (Выхаванцы назіраюць за дзеяннямі педагога).

Калі наш малюнак гатовы, мы пераносім яго на паперу.

Акуратна кладу паперу на ваду.

Цяпер мы ўсе разам далічым да 5. (Адзін, два, тры, чатыры, пяць).

Вымаю ліст, строга па краі латка, каб лішняя вада засталася ў латку, а малюнак на паперы.

Глядзіце, што ў нас атрымалася. Праўда гэта цуд і чараўніцтва? Вам спадабалася (адказы выхаванцаў). Я ведала, што вам спадабацца.

А цяпер я прапаную памаляваць вам і стаць сапраўднымі чараўнікамі, але перш чым прыступіць да малявання, зробім фізкультхвілінку .

 

Фізкультхвілінка ” Кветкі”

Спала кветка і раптам прачнулася, (тулава направа, налева).
Больш спаць не хацела, (тулава наперад, назад).
Варухнулася, пацягнулася, (рукі ўгару, пацягнуцца).
Пацягнулася ўверх і паляцела, (рукі ўгару, направа, налева).
Сонца раніцай толькі прачнецца,
Матылёк кружыць і ўецца (пакружыцца).

Педагог. Малайцы, добра мы размяліся. Зараз прыступаем да малявання. Перад вамі латкі з вадой, і маляваць вы будзеце чароўнымі пэндзлікамі і палачкамі, палачкі з завостраным кончыкам, таму будзьце асцярожныя і акуратныя.

(Гучыць спакойная музыка, выхаванцы выконваюць працу).

Педагог. Дзеці, калі вы лічыце, што ваш малюнак завершаны, мы перанясём яго на паперу. Кладзём паперу на ваду, чакаем пару секунд, вымаем ліст, строга па краі латка, каб лішняя вада засталася ў латку, а малюнак на паперы.

Вам цікава паглядзець, што ж атрымалася? (Адказы дзяцей).

Паглядзіце, якія незвычайныя, яркія і непаўторныя малюнкі ў вас атрымаліся. Давайце пакладзём нашы малюнкі на стол, каб яны высахлі.

 

Заключная частка

Пытанні выхаванцам:

– Што вам спадабалася на занятку?
– Што было цяжкім?
– Як называецца гэтая тэхніка? (Эбру).
– На чым вы малявалі? (На вадзе, у якую дадаецца загушчальнік, выраблены з багавіння).
–  Што трэба зрабіць, каб малюнак захаваўся? (Трэба перанесці яго на паперу).
–  Якія ў нас атрымаліся малюнкі? (Прыгожыя, чароўныя, казачныя).

(Дзеці паказваюць і разглядаюць атрыманыя незвычайныя карціны).

Навучыўшыся гэтай тэхніцы, можна маляваць нават пейзажы, нацюрморты і партрэты, а малюнкі пераносіць не толькі на паперу, але і на тканіну, дрэва і шкло.

– Вы, дзеці, малайцы, добра папрацавалі і ў вас атрымаліся вельмі прыгожыя малюнкі. Вось і скончыўся наш занятак, мы сталі трошкі чараўнікамі, навучыліся маляваць цуд.

 

Рэфлексія “Скажыце добрае слова”

Педагог. Дзеці, давайце скончым наш занятак рытуалам: кожны па чарзе скажа суседу добрыя словы, за нешта пахваліць яго. Мы будзем рабіць гэта для таго, каб сыходзіць з радасным пачуццём.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий