- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Экскурсія да святлафора

 

У яслях-садзе № 10 Смаргоні праводзіцца сістэматычная праца з дзецьмі па фарміраванні ўяўленняў пра важнасць выканання правілаў дарожнага руху. У рамках працы над праектам “Бяспека на вуліцах горада” выхавальнікі дашкольнай адукацыі старшай групы арганізавалі экскурсію да святлафора.

Каб выкананне правіл бяспечных паводзін дзецьмі на дарозе было даведзена да аўтаматызму, нельга абмяжоўвацца толькі славеснымі тлумачэннямі. У нашай дашкольнай установе значнае месца адводзіцца практычным формам навучання: мэтавым прагулкам, назіранням, экскурсіям, падчас якіх дзеці вывучаюць на практыцы правілы для пешаходаў, назіраюць дарожны рух, замацоўваюць уяўленні, якія атрымалі ў ходзе гутарак, заняткаў.

Падчас назірання за рухам на дарозе выхаванцы не толькі замацавалі ўяўленні пра асноўныя элементы дарогі (праезная частка, пешаходны пераход, тратуар), але і змаглі практычна патрэніравацца ў пераходзе праезнай часткі па нерэгуляваным пераходзе. Дзеці назіралі за рухам транспарту па праезнай частцы, называлі віды транспарту. Нашы выхаванцы адзначылі, што яны бываюць удзельнікамі дарожнага руху ў якасці пасажыраў і пешаходаў, а дарослыя яшчэ і вадзіцелі.

Дзеці паназіралі за працай святлафора. Усе з вялікім ажыўленнем распавядалі пра прызначэнне сігналаў, пра тое, што праезную частку трэба пераходзіць хутка, не адхіляцца, сачыць за сігналамі святлафора. Высветлілі адрозненні паміж святлафорам для аўтамабіляў і для пешаходаў. Паразважалі пра тое, што можа здарыцца, калі пераходзіць праезную частку ў неналежным месцы. Дзеці паказалі, як яны ўмеюць пераходзіць праезную частку па сігналах святлафора.

Падчас экскурсіі працягнулася знаёмства з дарожнымі знакамі. Асаблівая ўвага была нададзена дарожным знакам “Пешаходны пераход” і “Аўтобусны прыпынак”.

З задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі пасядзелі на аўтобусным прыпынку, замацавалі правілы паводзін на прыпынку і ў грамадскім транспарце. Увага выхаванцаў была акцэнтавана на тым, што дзеці каля праезнай часткі дарогі павінны знаходзіцца толькі разам з дарослымі і заўсёды выконваць правілы дарожнага руху.

Экскурсія атрымалася пазнавальнай і займальнай. Нашы выхаванцы паабяцалі заўсёды выконваць правілы дарожнага руху і пераходзіць дарогу толькі ва ўстаноўленым месцы.

 

Наталля МУРАШКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 10 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий