- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Помнікі культурнай спадчыны Беларусі праз аб’ектыў фотакамер

 

Вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды прымаюць актыўны ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка. Напярэдадні свята вучні ў шосты школьны дзень арганізавалі фотавыставу “Помнікі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі”.

Васьмікласнікі адзначаюць гэтае свята не першы год. Усім добра запомніўся ўдзел у квесце “Падарожжа па вуліцы Віленскай”, дзе школьнікі змаглі пазнаёміцца з самай старажытнай вуліцай роднага горада і даведацца пра аб’екты, якія сёння з’яўляюцца візітнымі карткамі Ліды. Мінулы год вучні прайшлі пешаходнай экскурсіяй “Лідскімі дарогамі Валянціна Таўлая”. Шмат цікавых фактаў з жыцця паэта пачулі яны, убачылі мясціны, дзе жыў, працаваў і, нават, сядзеў за кратамі ў часы Вялікай Айчынай вайны Валянцін Паўлавіч.

Трэба сказаць, што вучні ўжо чацвёрты год з’яўляюцца членамі школьнага прэс-цэнтра “Вялікі перапынак”, і менавіта на чарговым занятку яны правялі імпрэзу сваіх фотаздымкаў, зробленых падчас падарожжаў па розных кутках радзімы. Кожны з юных фотамастакоў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачанага і з задавальненнем расказаў, дзе і калі былі зроблены фотаздымкі. Такім чынам, вучні нават змаглі правесці невялікую інтэлектуальную гульню “Што? Дзе? Калі?”.

А на здымках, сапраўды, можна было ўбачыць гісторыка-культурныя аб’екты розных куткоў Беларусі: Сафійскі сабор ў Полацку, Мірскі і Нясвіжскі замкі, касцёл Святой Троіцы ў Гервятах, Сынкавічскую царкву, царкву ў Мураванцы, сабор Святога Архангела Міхаіла ў Лідзе, Каложскую царкву і шмат іншых цікавых аб’ектаў.

Абмен уражаннямі выклікаў у васьмікласнікаў жаданне працягнуць знаёмства з помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны краіны і на летніх канікулах абавязкова здзейсніць сямейныя падарожжы, каб уласна бачыць іншыя цікавыя будынкі і аб’екты Радзімы.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий