- Геаграфiя. Сцэнарыi, Метадычка

Краіны Заходняй Еўропы. Германія. 8 клас

 

Людміла БЕРАСЦЕНЬ,
настаўнік геаграфіі 
ДУА “Бярозавіцкая сярэдняя школа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць

 

 

У наш час перад настаўнікам стаіць важная і складаная задача: ён павінен не проста даць навучэнцам веды, а навучыць іх думаць, разважаць, аналізаваць, рабіць уласныя вывады.

Практыка маёй работы паказвае, што да ліку найбольш эфектыўных форм арганізацыі вучэбнай дзейнасці, якая дазваляе ўключыць кожнага вучня ў працэс засваення вучэбнага матэрыялу адносяцца работа ў групах і парах. Выкарыстанне на ўроках работы ў парах дазваляе павысіць пазнавальную актыўнасць і творчую самастойнасць навучэнцаў. Пры рабоце ў парах мяняецца характар узаемаадносін паміж дзецьмі, расце самакрытычнасць.

 

Тэма: Краіны Заходняй Еўропы. Германія.

Клас: 8.

Мэта: плануецца, што навучэнцы будуць:

– ведаць: састаў рэгіёна Заходняя Еўропа; асаблівасці эканоміка-геаграфічнага становішча Германіі, праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рура;

– умець характарызаваць дэмаграфічныя працэсы і гаспадарку краіны.

Задачы:

– адукацыйныя – фарміраваць уменні навучэнцаў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць вывады;

– развіваючыя – развіваць творчыя здольнасці навучэнцаў; замацоўваць навыкі самастойнай работы з рознымі крыніцамі інфармацыі;

– выхаваўчыя – выхоўваць добразычлівыя адносіны да культурнай спадчыны народаў краін Еўропы; выхоўваць адказнасць, самастойнасць, пачуцці супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі.

 

 

Нагамі чалавек павінен урасці ў зямлю сваёй радзімы,
але вачыма павінен агледзець увесь свет. 
Д.Сантаяна

 

 

Ход урока

 

І Арганізацыйны момант

Добры дзень! Мне прыемна бачыць вас у добрым настроі. Я жадаю вам сёння плённай працы на ўроку і прыемных уражанняў.

 

ІІ Праверка дамашняга задання

На працягу трох папярэдніх урокаў мы знаёміліся з вамі з краінамі Паўночнай Еўропы, і я прапаную назваць краіну па апісанні.

1) 90 % электраэнергіі выпрацоўваецца на ГЭС (Нарвегія).

2) Парнікова-цяплічная гаспадарка, заснаваная на выкарыстанні вады гарачых крыніц, характэрна для краіны  (Ісландыя ).

3) Энергетыка краіны грунтуецца на мясцовых гаручых сланцах (Эстонія).

4) Гэта адна з краін, якая валодае самым магутным гандлёвым флотам (Нарвегія).

5) Краіна, якая ўваходзіць у “сямёрку” самых высокаразвітых краін свету (Вялікабрытанія).

6) 50 % электраэнергіі вырабляецца на АЭС (Швецыя).

7) Гэтыя краіны называюць лясным цэхам Еўропы (Фінляндыя, Швецыя).

8) Вядучая галіна апрацоўчай прамысловасці – машынабудаванне. У гэтай краіне выпускаюць аўтамабіль “Вольва” (Швецыя).

9) Краіны-суседзі Беларусі (Літва, Латвія).

10) Сярод краін Паўночнай Еўропы найбольш высокім узроўнем развіцця раслінаводства вылучаецца (Данія).

 

ІІІ Этап актуалізацыі апорных ведаў

Назавіце рэгіёны Еўропы. (Паўночная Еўропа, Паўднёвая Еўропа, Усходняя Еўропа, Заходняя Еўропа)

Наша падарожжа па краінах Еўропы працягваецца. Сёння мы адпраўляемся ў рэгіён Заходняя Еўропа і пазнаёмімся з краінай, якая з’яўляецца радзімай вядомых усяму свету асоб – Бетховена, Баха, Гётэ, Шылера, Гёйнэ, братоў Грым. У гэтай краіне нарадзіўся і географ-падарожнік Аляксандр Гумбальт. І гэта краіна… (Германія)

 

Вучні запісваюць тэму ўрока ў сшытак. План урока запісаны на дошцы

 

Настаўнік знаёміць з планам работы на ўроку:

1 Састаў рэгіёна “Заходняя Еўропа”.

2 ЭГС Германіі, прыродныя ўмовы і рэсурсы.

3 Насельніцтва.

4 Гаспадарка (структура гаспадаркі, прамысловасць, сельская гаспадарка).

5 Транспарт.

6 Гандаль. Знешнеэканамічныя сувязі.

7 Помнікі архітэктуры і  культурныя каштоўнасці.

 

Сумесная работа настаўніка і вучняў па вызначэнні мэты ўрока.

 

ІV Вывучэнне новага матэрыялу

У склад рэгіёна Заходняя Еўропа ўваходзяць найбольш развітыя ў сацыяльна-эканамічных адносінах краіны: Германія, Францыя, Галандыя, Бельгія, Люксембург, Ліхтэнштэйн, Аўстрыя, Швейцарыя, Манака. (Работа з картай і атласам. Настаўнік называе і паказвае краіны, якія ўваходзяць у склад Заходняй Еўропы, вучні знаходзяць іх у атласе).

Для гэтых краін характэрна гаспадарка постіндустрыяльнага тыпу. Вядучымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца машынабудаванне і хімічная прамысловасць. (Работа з падручнікам. Вучні знаёмяцца з паняццем “постіндустрыяльная гаспадарка”).

Рэгіён Заходняя Еўропа – адзін з найбольш урбанізаваных рэгіёнаў свету. Дэмаграфічныя працэсы характарызуюцца нізкім натуральным прыростам насельніцтва, высокай працягласцю жыцця.

 

Замацаванне новага матэрыялуРабота з контурнай картай (заданне 1, с. 27).

Знаёмства з любой краінай мы пачынаем з візіткі. Я прапаную вам самастойна саставіць візітную картку Германіі.

 

Візітная картка краіны (Індывідуальная работа з падручнікам і атласам)

Поўная назва краіны: Федэратыўная Рэспубліка Германія
Сталіца – Берлін
Плошча – 357,0 тыс. км2
Насельніцтва – 83 млн.чал.
Форма кіравання: парламенцкая рэспубліка
Палітыка-тэрытарыяльнае ўладкаванне  федэрацыя

За дзве тысячы гадоў свайго існавання амаль тры стагоддзі Германія была адзінай краінай. Нямецкія землі то збіраліся ў саюзы, то ваявалі паміж сабой. Пасля паражэння ў другой сусветнай вайне Германія была разддзелена на часткі: Федэратыўную Рэспубліку Германія і Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, Заходні Берлін. Аб’яднанне краіны адбылося толькі ў канцы ХХ стагоддзя. Гэтае гістарычнае раз’яднанне зрабіла Германію незвычайнай дзяржавай. Яе тэрыторыя складаецца з 16 федэральных зямель, не падобных адна на адну. Немцы размаўляюць на 24 дыялектах, і ў кожнай зямлі свае легенды і песні, нацыянальны касцюм і кухня.

Сёння Германія – буйнейшая дзяржава Еўрасаюза.

 

Фізкультхвілінка

 

Для дальнейшага знаёмства з краінай я прапаную работу ў парах. 

Кожная пара атрымлівае картку з заданнем. На работу адводзіцца 8 хвілін.  Настаўнік сочыць за работай кожнай пары. Калі ў час работы пары ўзнікаюць пытанні, вучні падымаюць картку жоўтага колеру. Калі пара справілася з заданнем – падымаюць картку зялёнага колеру.

 

1-я пара

ЭГС краіны, прыродныя ўмовы і рэсурсы

Прачытайць і прааналізаваць тэкст падручніка с.140, карты атласа с. 58

– Вызначыць у якім рэгіёне знаходзіцца Германія;
– якімі прыроднымі аб’ектамі абмежавана тэрыторыя краіны;
– падлічыць колькасць дзяржаў-суседзяў, назваць іх і паказаць на карце;
– ахарактырызаваць прыродныя ўмовы;
– якімі карыснымі выкапнямі багата краіна;
– зрабіць вывад пра эканоміка-геаграфічнае становішча.

На контурнай карце с. 27 нанесці краіны-суседзі Германіі, моры, якія амываюць берагі краіны.

 

2-я пара

Насельніцтва

Прачытаць і прааналізаваць тэкст падручніка, карты атласа с. 58

– Назваць колькасць насельніцтва краіны;
– ахарактарызаваць этнічны і рэлігійны склад насельніцтва;
– выявіць прычыну павелічэння колькасці насельніцтва Германіі;
– вызначыць узровень урбанізацыі;
– назаваць буйнейшыя агламерацыі.

На контурнай карце с. 27 выканайце заданне 2.

 

3-я пара

Гаспадарка. Прамысловасць

Прачытаць і прааналізаваць тэкст падручніка с. 141, карты атласа с. 59

– Прааналізаваць структуру ВУП Германіі і даказаць, што эканоміку Германіі адносяць да постіндустрыяльнай;
– назваць вядучыя галіны прамысловасці;
– назваць і паказаць цэнтры ў якіх размешчаны штаб-кватэры нямецкіх вытворцаў аўтамабіляў;
– пералічыць прадукцыю хімічнай прамысловасці;
– назваць прычыну сацыяльна-эканамічнай праблемы прамысловага раёна Рур;
– на карце паказаць буйнейшыя эканамічныя цэнтры краіны.

На контурнай карце с. 27 выканаць заданне 3.

 

4-я пара

Сельская гаспадарка краіны

Прачытаць і прааналізаваць тэкст падручніка на с. 142, карты атласа і даць характарыстыку сельскай гаспадарцы

– Якая галіна сельскай гаспадаркі з’яўляецца вядучай? Чаму?
– На чым спецыялізуецца жывёлагадоўля?
– Якія сельскагаспадарчыя культуры вырошчваюць у краіне?

На контурнай карце с. 27 выканайце заданне 4.

 

5-я пара

Транспарт. Гандаль

Прачытаць і прааналізаваць тэкст падручніка на с. 142–143, прааналізаваць карты атласа, дадатковы матэрыял

– Назваць віды транспарту, якія атрымалі развіццё ў краіне;
– назваць від транспарта, які лідзіруе ў сумарным грузаабароце;
– паказаць буйнейшы порт краіны і Еўропы;
– назваць долю тавараў у сусветным экспарце; якая прадукцыя пераважае?
– назваць прадукцыю экспарта і імпарта Германіі
– назаваць буйнейшых знешнегандлёвых партнераў краіны.

 

6-я пара

Германія і Беларусь: новая старонка ў адносінах

Уважліва прачытайце дадатковы матэрыял (часопіс “Мир путешествий № 10,2016. Германия)

 

ХХ стагоддзе – трагічны час у гісторыі многіх краін Еўропы. Другая сусветная вайна прынесла шмат гора і пакут народам свету, у тым ліку і беларусам.

Чаму сёння Германію мы не лічым ворагам? Што аб’ядноўвае Беларусь і Германію?

Усе жахі вайны адчулі і мірныя жыхары Германіі. Сучасныя немцы ўлічылі ўрокі гісторыі. Сёння Германія – міралюбівая дзяржава, якая падтрымлівае стабільнасць і бяспеку ў Еўропе і свеце.

Германія займае лідзіруючыя пазіцыі на сусветным рынку. Супрацоўніцтва з гэтай краінай узаемавыгаднае;

У Беларусі працуе каля 200 сумесных беларуска-германскіх прадпрыемстваў. Аўтапаязды і самазвалы МАЗ-МАН можна сустрэць на дарогах многіх краін. Зборка гэтых аўтамабіляў наладжана ў Мінску. Прадпрыемства “Цэйс БелОМА” выпускае аптычныя прыборы.

Сёння ў Беларусі дзеці і дарослыя вывучаюць нямецкую мову. У цэнтры Мінска знаходзіцца Інстытут Гётэ.

Германія знаходзіцца недалёка ад Беларусі, таму беларусы часта наведваюць краіну, немцы прыязджаюць у Беларусь. Развіваецца турызм.

 

Прэзентацыя работы кожнай пары (выступленні прадстаўнікоў пар суправаджаюцца прэзентацыяй)

 

Гарады. Помнікі архітэктуры і культурныя каштоўнасці

Кожная краіна ганарыцца сваёй спадчынай. Спісак сусветнай спадчыны ЮНЕСКА папоўнілі 42 аб’екты Германіі. Многія з гэтых аб’ектаў вы ўбачыце ў час завочнага падарожжа па гарадах Германіі. Я прапаную вам прагледзець відэафільм “Гарады Германіі”. (Прагляд відэафільма)

 

V Замацаванне

1 Сталіца Германіі.
2 Якая колькасць насельніцтва краіны?
3 Назавіце галіны спецыялізацыі апрацоўчай прамысловасці.
4 Горад, у якім выпускаюць аўтамабілі маркі БМВ.
5 Пакажыце буйнейшыя эканамічныя цэнтры.
6 Вядучая галіна сельскай гаспадаркі.
7 Назавіце прадукцыю экспарта і імпарта Германіі.
8 Пакажыце буйнейшыя гарады Германіі.
9 Назавіце аб’екты сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

 

VІ Дамашняе заданне

§ 32, п.1–4. Скласці крыжаванку

 

VІІ Рэфлексія

Давайце звернемся да плана нашай работы на ўроку. Ці ўсё мы паспелі зрабіць? Якія з пунктаў плана для вас аказаліся найбольш цяжкімі, цікавымі?

 

Сёння на ўроку                я даведаўся(лася)…..
                                          мне было…..
                                          мяне здзівіла…..
                                          мне захацелася….

 

VІІІ Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак.

Я задаволена вашай працай на ўроку і хачу сказаць дзякуй вам за кемлівасць, за цікавыя разважанні, за ўважлівасць і актыўнасць.

 

Спасылка на прэзентацыю:

https://drive.google.com/file/d/1BYA5FgO8P1i4q0vpU4A3oT_vWSZROADZ/view?usp=sharing

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий