- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

На фестывалі “Беларусь культурная”

 

У межах рэалізацыі праекта “Беларусь запаветная”, які прысвечаны Году народнага адзінства, у Хвінявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна прайшоў фестываль “Беларусь культурная”. У фестывалі прынялі ўдзел творчыя калектывы 5–11-х класаў.

Пры падрыхтоўцы да фестывалю вучні ўзгадалі беларускія прыказкі і прымаўкі. Гэта залаты фонд нашай роднай мовы, тыя адзінкі, якія называюць залацінкамі народнай мудрасці. Яны робяць выказванні беларусаў больш яркімі, каларытнымі, “смачнымі”.

Асаблівае месца ў беларускай культуры займае нацыянальная кухня. Удзельнікі фестывалю прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Чароўны чыгунок”. Неабходна было растлумачыць, якая страва хаваецца за назвай. Так прысутныя ўспомнілі нацыянальныя стравы: лядоўня, мачанка, панцак, кулага, пячыста, лёк. Гэты пералік можна працягваць бясконца, таму што кухня беларусаў фарміравалася на працягу стагоддзяў.

Беларускую культуру складаюць і народныя святы, якія мы, беларусы, вельмі любім і паважаем, бо яны засталіся нам у спадчыну ад нашых продкаў. Асабліва прытрымліваюцца народных традыцый вясковыя людзі. Навучэнцы падрыхтавалі тэатральныя нумары, героямі якіх сталі простыя вясковыя людзі, а таксама прадэманстравалі свае веды ў віктарыне “У свеце народных традыцый”.

На фестывалі “Беларусь культурная” была прадстаўлена выстава кніг “Традыцыйная культура беларускага народа”. На ёй прэзентавалася экспазіцыя “Лісты да Цёткі з ХХІ стагоддзя”, прысвечаная 145-й гадавіне з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры, беларускай паэтэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Палічка “Майстэрства Кандрата Крапівы” была прысвечаная 125-гадавіне з дня нараджэння беларускага паэта і драматурга. Творы беларускіх класікаў-юбіляраў гучалі са школьнай сцэны, цёпла прымаліся гледачамі, і дружныя апладысменты грэлі душу маладых акцёраў і чытачоў.

Фестываль “Беларусь культурная” садзейнічаў асэнсаванню маладым пакаленнем значэння беларускай культуры, якая перадаецца праз родную мову, народныя традыцыі, мастацтва. Хочацца пажадаць моладзі: любіце сваю краіну, ганарыцеся яе культурай, сваім родным куточкам зямлі, малой радзімай, праслаўляйце яе сваімі поспехамі.

 

Таццяна ЖЫНКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Хвінявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий