Гімназісты чыталі вершы пра Радзіму

- 11:22ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У мэтах развіцця і захавання высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў беларускага грамадства, выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай культуры, пашырэння чытацкага кругагляду ў гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы адбыўся конкурс чытальнікаў твораў беларускіх пісьменнікаў “Жывая класіка”, прысвечаны Году народнага адзінства.  

На працягу некалькіх тыдняў гімназісты і іх настаўнікі падбіралі вершы, пранікалі ў вобраз і сэнс твора, думалі пра сцэнічныя касцюмы. І вось свята жывога слова, свята паэзіі адбылося. 24 гімназісты 1–10-х класаў прадсталі перад журы і гледачамі: аднакласнікамі, настаўнікамі, бацькамі.

Згуртаванасць і згода, талерантнасць і ўзаемадапамога, павага адно да аднаго і міласэрнасць – тыя каштоўнасці, да якіх імкнецца кожны чалавек. Пра гэта чыталі вершы самыя маленькія гімназісты. Не пакінулі раўнадушнымі Уладзіслаў Гуштын і Дар’я Рудоміна (4-ы клас), Сафія Журневіч і Анастасія Кавалік (3-і клас), Анастасія Андрушка і Ульяна Турак (2-гі клас). Але больш запомніўся маленькі беларус Захар Бойка (1-ы клас). Гучалі вершы Эдзі Агняцвет, Алеся Пісьмянкова, Алеся Наркевіча, Алеся Бачылы, Ніла Гілевіча.

Вучні 5–9-х класаў – гэта маладое пакаленне Беларусі. Наш гонар і надзея. Яны ўжо добра разумеюць, што такое Радзіма і дарога дадому, сяброўства і падтрымка, адзінства і міласэрнасць. Да глыбіні душы ўзрушылі прысутных сваім чытаннем Данііл Панодчык (9-ы клас, Змітрок Бядуля “Зямля”) і Ілья Гуштын (8-ы клас, Аляксей Дудараў “Буслы”), а таксама Кацярына Аксёнава (7-ы клас) і Маргарыта Мінчук (7-ы клас). Усе ўдзельнікі конкурсу адрымалі дыпломы пераможцаў і кнігі на памяць.

“Нам усім, хто бачыць свет па-рознаму, неабходна ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць – кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы. Іншага не дадзена”, – успомнілі напрыканцы словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Адзіны народ – гэта людзі, грамадства, гэта край блакітных азёр, мір і адзінства, дабрыня і цярпенне, павага і ўзаемаразуменне. Свята закончылася, але добрыя ўражанні засталіся. І гэта цудоўна.

 

Інеса СЕМЯНЯКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі №1 імя К.Каліноўскага Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий