Выкарыстанне лэпбука для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення

- 5:47Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

 

Кацярына МІГАЛЬ,
выхавальнік групы падоўжанага дня
ДУА “Спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 18 г. Мінска
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення”

 

 

 

 

Тэма, над якой я працую, “Экалагічнае выхаванне”, абраная мной невыпадкова. Важна выхоўваць у кожным з нас пачуццё любові да прыроды, павагу, адказнасць і свядомае стаўленне. Неабходнасць выхавання экалагічнай свядомасці дыктуе само жыццё. Важна адзначыць, што фарміраванне экалагічнай культуры –працяглы і карпатлівы працэс, таму ажыццяўляць экалагічную адукацыю неабходна з ранняга дзіцячага ўзросту і працягваць усё жыццё.

Навучэнцы з цяжкімі парушэннямі маўлення з цяжкасцю ўспрымаюць слоўную інфармацыю, у іх з цяжкасцю фарміруецца славесна-лагічнае мысленне, зніжана вербальная памяць, няўстойлівая ўвага, яны адчуваюць складанасці ва ўсталяванні прычынна-выніковай сувязі.

Я працую выхавальнікам у ГПД з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення (ЦПМ), і ў мяне ёсць магчымасць дапамагчы навучэнцам убачыць выдатны свет прыроды, навучыць разумець навакольны свет, любіць, суперажываць, аберагаць яго, вучыцца правільна паводзіць сябе ў прыродзе. У малодшым школьным узросце засваенне асноў экалагічных ведаў найбольш перспектыўнае, бо ў гэтым узросце дзеці ўспрымаюць прыроду вельмі эмацыянальна, звяртаюць увагу на такія асаблівасці прыроды, якія дарослыя не заўважаюць. Дзеці здольныя здзіўляцца таму, што іх акружае, яны спазнаюць свет з адкрытай душой і сэрцам.

Мэтай маёй работы з’яўляецца фарміраванне ў малодшых школьнікаў адказных, беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. Дасягненне гэтай мэты магчыма пры ўмове сістэматычнай работы па фарміраванні ў навучэнцаў сістэмы экалагічных ведаў, уменняў і навыкаў, дасведчаных паводзін у прыродзе, па развіцці пазнавальнай актыўнасці ў ходзе экалагічнай дзейнасці, выхаванні ў іх абаронцаў прыроды, умення быць міласэрным, любіць і берагчы навакольны свет.

Працуючы з навучэнцамі з ЦПМ, мне хацелася зрабіць выхаваўчую работу цікавай, займальнай для дзяцей, і ў той жа час данесці матэрыял лёгка, даступна, зразумела. Рэалізаваць гэтае жаданне дапамагло стварэнне і выкарыстанне на занятках экалагічнага лэпбука – цікавага шматфункцыянальнага дыдактычнага дапаможніка для дзяцей. Гэта самаробная інтэрактыўная папка з кішэнькамі, акенцамі, устаўкамі, рухомымі дэталямі, з рознымі “сюрпрызамі” для дзяцей, якія можна даставаць, перакладаць, складаць па сваім меркаванні. У той жа час лэпбук змяшчае цікавы матэрыял для навучання.

Стварэнне і выкарыстанне лэпбука вельмі дапамагло мне ў ажыццяўленні экалагічнага выхавання навучэнцаў з парушэннямі маўлення. Выкарыстанне лэпбука на занятках дало магчымасць ненадакучліва, цікава і ў даступнай і займальнай форме далучыць дзяцей да адукацыйнага працэсу. Незвычайная падача матэрыялу, вядома прыцягнула ўвагу дзяцей, і яны сталі з задавальненнем займацца, даследаваць “разумную кнігу”. У навучэнцаў прыметна павысіўся інтарэс да вывучэння свету прыроды.

У лэпбуку сабрана шырокая і разнастайная інфармацыя для навучання экалагічнаму выхаванню. У той жа час яна сістэматызавана, кожны яе кампанент дае магчымасць сканцэнтраваць увагу дзяцей на пэўнай тэме: “Прырода наш сябар”, “У свеце раслін і жывёл”, “Прырода і чалавек”, “Правілы паводзін у прыродзе”, “Ачышчай і захоўвай”. Такім чынам, мы разам з дзецьмі вучымся структураваць матэрыял, знаходзіць патрэбную інфармацыю, абагульняць і сістэматызаваць яе. Гэты працэс дае магчымасць вывучаць тэму ад простага да складанага і наадварот. Важна адзначыць, што матэрыял падбіраецца для дзяцей у адпаведнасці з іх узроставымі асаблівасцямі і індывідуальнымі інтарэсамі, што вельмі важна для нашых дзяцей.

Лэпбук – гэта кампактнае “сховішча” розных развіццёвых і пазнавальных заданняў, гульняў і практыкаванняў, размешчаных у кішэньках. Гэта дыдактычныя гульні, картатэка загадак, вершаў пра прыроду, экалагічных казак і апавяданняў, наборы малюнкаў, шаблоны для творчасці. Выкарыстанне разнастайных заданняў дае магчымасць праводзіць заняткі займальна, разнастайна і карысна.

Цікавыя заданні садзейнічаюць лепшаму разуменню матэрыялу і палягчаюць яго запамінанне. Гэта вельмі важна для навучэнцаў з ЦПМ, бо ў іх зніжана якасць вербальнай памяці; абцяжарана прайграванне матэрыялу. Бо ўсім вядома, што лепш запамінаецца тое, што цікава. Улічваючы тое, што ўсе навучэнцы ў нашым класе розныя па ўспрыманні інфармацыі, па тэмпе работы, заданні для іх падбіраюцца з улікам індывідуальных асаблівасцей, з выкарыстаннем рознаўзроўневай дыферэнцыяцыі. Лэпбук падыходзіць для эфектыўнага тлумачэння і вывучэння новага матэрыялу, а таксама для замацавання, абагульнення і сістэматызацыі ўжо існуючых ведаў па вывучанай тэме.

Структура і змест дапаможніка зразумелыя і даступныя для дзіцяці. Таму, узяўшы лэпбук у рукі, дзіця можа самастойна выбраць тое, што яго прыцягвае, і разабрацца, як гэтым карыстацца. Гэта дае магчымасць дзіцяці, непрыметна для сябе самога, лепш зразумець і запомніць, а таксама паўтарыць матэрыял. У рабоце з лэпбукам у дзяцей развіваецца самастойнасць, уменне прымаць уласныя рашэнні, абапіраючыся на свае веды і ўменні. Гэта ўсяляе ўпэўненасць у сябе і свае сілы. Калі раптам у навучэнца ўзнікаюць пытанні, ён адчувае цяжкасці ў выкананні задання, выхавальнік заўсёды можа прыйсці на дапамогу, уключыцца ў сумесную дзейнасць, што дапамагае выбудаваць партнёрскія адносіны паміж дарослым і дзіцем.

Лэпбук – гэта прадуктыўная форма ўзаемадзеяння, якую можна эфектыўна выкарыстоўваць як для групавой, індывідуальнай, так і для самастойнай работы. Групавая работа падахвочвае навучэнцаў да актыўнай камунікацыі. Бо дзеці з ЦПМ адчуваюць цяжкасці ў зносінах з навакольнымі, дрэнна валодаюць камунікатыўнымі сродкамі зносін. Групавая работа з лэпбуком дазваляе развіваць уменне актыўна ўзаемадзейнічаць з аднагодкамі і дарослымі, удзельнічаць у сумеснай дзейнасці, супрацоўнічаць, дамаўляцца, вучыць зносінам. Тым самым аб’ядноўвае дзяцей у пазнанні навакольнага свету.

Лэпбук – яркі, наглядны дапаможнік, які дзеці разглядаюць з вялікай цікавасцю. Улічваючы тое, што навучэнцы з ЦПМ з цяжкасцю ўспрымаюць слоўную інфармацыю, у іх мысленне наглядна-дзейснае, парушана адвольная ўвага, працэсы ўспрымання, наглядны метад вельмі важны ў навучанні і выхаванні. Дзякуючы выкарыстанню зрокавых апор на занятках у іх ствараюцца наглядныя вобразы аб’ектаў прыроды, з’яў і працэсаў, якія вывучаюцца, паляпшаецца ўспрыманне вербальнай інфармацыі, матэрыял запамінаецца лягчэй. Як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Лэпбук “Маўленчы трэнажор”. Навучэнцы з ЦПМ маюць цяжкасці ў разуменні лексічнага значэння слоў, ва ўспрыманні слоў складанай складовай структуры, у іх абмежаваны актыўны слоўнікавы запас, з цяжкасцю фарміруецца славесна-лагічнае мысленне. Лэпбук дапамагае ўцягнуць вучняў у актыўную маўленчую дзейнасць, бо расказаць пра прыроду і пазнаёміцца са светам вакол нас немагчыма без слоўнага метаду. На занятках мы з навучэнцамі размаўляем, загадваем загадкі, чытаем вершы пра прыроду, экалагічныя казкі і апавяданні. Дзеці любяць складаць апавяданні па серыі малюнкаў і абагульняць сюжэт прачытаных твораў. Яны з задавальненнем пераўвасабляюцца ў казачных персанажаў. Абавязкова з навучэнцамі трэба абмяркоўваць, разважаць, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі, імкнуцца рабіць высновы, падахвочваць выказваць свае думкі. На занятках праводзіцца слоўнікавая работа, засвойваюцца і замацоўваюцца новыя паняцці і словы, узбагачаецца слоўнікавы запас вучняў па экалагічным выхаванні.

Лэпбук – займальная гульня з “сюрпрызамі”. У пачатковай школе гульня па-ранейшаму застаецца адным з відаў дзейнасці навучэнцаў. Гуляючы з лэпбуком, навучэнцы актывізуюць пазнавальную дзейнасць, атрымліваюць новыя і вучацца ўжываць ужо існуючыя веды, трэніруюць увагу, памяць, уяўленне, развіваюць разумовыя працэсы.

У гульнявой дзейнасці дзеці ўзаемадзейнічаюць, развіваецца іх маўленчая актыўнасць, дыялогавае маўленне, узбагачаецца слоўнікавы запас. Навучэнцы вучацца гуляць разам, дапамагаць адно аднаму. Практычнае прымяненне лэпбука дае магчымасць навучэнцам лепш спазнаць навакольнае асяроддзе, навучыцца правільна паводзіць сябе ў прыродзе, любіць і берагчы навакольны свет.

Прымяненне лэпбука ў рабоце з дзецьмі з ЦПМ з’яўляецца паспяховым крокам на шляху фарміравання экалагічнага выхавання. Лэпбук – гэта цікавы, эфектыўны, універсальны, шматфункцыянальны, мабільны і зручны дапаможнік, які можна выкарыстоўваць па розных тэмах, у любы зручны час і педагогам, і навучэнцам. Стварэнне лэпбука вельмі цікавы і займальны працэс, прымяненне яго прыносіць станоўчы вынік у навучанні, развіцці і выхаванні навучэнцаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий