- Карэкцыйная педагогіка. Вопыт, Метадычка

Вучымся размаўляць правільна

 

Вольга КАЛАЛА,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы”,
Гродзенская вобласць

 

 

Адукацыйны працэс у спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы (ад 4 да 5 гадоў) носіць карэкцыйны кірунак і арганізуецца з улікам структуры парушэнняў, узросту выхаванцаў і асаблівасцей беларускай мовы. Для педагогаў групы галоўная задача – фарміраванне правільнай мовы дзяцей як сродка зносін.

Для дасягнення поспеху ў такой групе неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы для правядзення карэкцыйнай работы. Дзеці хочуць гуляць! Таму ў сваёй практычнай дзейнасці ажыццяўляю работу па выпраўленні гукавымаўлення праз дыдактычныя гульні, якія падбіраю да кожнай лексічнай тэмы тыдня.

Так, напрыклад, па тэме “Транспарт” падрыхтавала для індывідуальных і падгрупавых заняткаў такія гульні, як “Вясёлы цягнічок”, “Палічы машыны”, “Хто сядзіць у машыне?” (з ліхтарыкам), “Што вязе самалёт?”, “Гукавыя дарожкі з каменчыкамі Марблс”. Гэтыя гульні накіраваны на замацаванне правільнага вымаўлення гукаў, развіццё ўмення вызначаць наяўнасць гукаў у словах, удасканальванне ўмення будаваць сказы па малюнках, замацоўванне ўмення дапасоўваць назоўнік да лічэбніка і павелічэнне аб’ёму маўленчага матэрыялу.

На кожную лексічную тэму ў групе падабраны картатэкі фізкультхвілінак, пальчыкавай гімнастыкі, гімнастыкі для вачэй, якія выкарыстоўваюцца мной і педагогамі групы на працягу тыдня.

У рамках вывучэння кожнай тэмы вызначаю слоўнікавы мінімум з улікам моўных магчымасцей дзяцей, які дзецям неабходна ведаць і ўмець практычна ўжываць. Моўная практыка замацоўваецца выхавальнікамі дашкольнай адукацыі ў нерэгламентаванай дзейнасці. Для гэтага малюнкі з выявамі па лексічнай тэме вывешваюцца на стэнд “Вучым словы”, на дзверках шафаў у раздявалках і элементы дэкору сцен у групе, што дазваляе звярнуцца да слоўнікавага мінімуму на працягу дня ў розныя рэжымныя моманты.

Практыка паказвае, што сумесная праца педагогаў групы па адной лексічнай тэме тыдня вырашае адразу некалькі карэкцыйных задач: аўтаматызацыя і дыферэнцыяцыя гукаў, работа над граматычным складам мовы, развіццём звязнага маўлення, трэніроўка слыхавай і зрокавай памяці. Усё гэта выклікае ў дзяцей станоўчыя эмоцыі, якія актывізуюць адукацыйную дзейнасць, дапамагаюць узбудзіць цікавасць да заняткаў і навучыцца размаўляць правільна.

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий