- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дасягаем станоўчых вынікаў сумесна

 

У сярэдняй школе № 5 Смаргоні прайшло мерапрыемства ў рамках арганізацыі работы па забеспячэнні пераемнасці ў выхаванні і навучанні дзяцей на этапах дашкольнай і пачатковай адукацыі.

Парушэнні чытання і пісьма (дыслексія і дысграфія) з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі парушэннямі ў малодшых школьнікаў. Яны выкліканы цяжкасцямі ў авалоданні ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для паўнацэннага ажыццяўлення гэтых працэсаў. Па даных даследчыкаў, гэтыя цяжкасці абумоўліваюцца дэфектамі вуснага маўлення, несфарміраванасцю аперацый гукавога аналізу і сінтэзу, няўстойлівасцю адвольнай увагі і іншымі прычынамі.

Дзіця, якое мае дыслексію і дысграфію, мае патрэбу ў дадатковых занятках настаўніка-дэфектолага, але найбольш эфектыўным у вырашэнні праблемы папярэджання, выяўлення і пераадолення парушэнняў пісьма і чытання ў навучэнцаў будзе тандэм у рабоце настаўніка-дэфектолага і настаўнікаў пачатковых класаў, бо і настаўнік-дэфектолаг, і настаўнік пачатковых класаў імкнуцца да адзінай мэты – каб кожны навучэнец меў дастаткова высокі ўзровень агульнага (у тым ліку і маўленчага) развіцця.

Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы: калі ў гэтым тандэме будуць задзейнічаны і выхавальнікі выпускных груп дашкольных устаноў, то эфектыўнасць сумеснай работы павінна павялічыцца ў разы.

Настаўнікам-дэфектолагам школы была праведзена кансультацыя для педагогаў першай ступені навучання і выхавальнікаў дашкольных устаноў па пытанні прычын, якія ляжаць у аснове парушэнняў пісьма і чытання. Асаблівая ўвага была нададзена рэкамендацыям настаўніка-дэфектолага педагогам па прафілактыцы гэтых парушэнняў у дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту і дапамозе ў выяўленні навучэнцаў, якія маюць такія праблемы.

Мы спадзяемся, што, узброіўшыся некаторымі прыёмамі работы, педагогі самі ў далейшым змогуць аказаць пасільную дапамогу дзецям са спецыфічнымі (дыслексічнымі і дысграфічнымі) парушэннямі пісьма і чытання.

Цікавым момантам стала падвядзенне вынікаў – рэфлексіі “Мішэнь”, дзякуючы чаму стала зразумела, што ўдзельнікам спадабалася кансультацыя сваёй практычнай скіраванасцю і магчымасцю выкарыстання ў рабоце атрыманай інфармацыі.

Дзякуючы правядзенню гэтага мерапрыемства, мы спадзяёмся прыцягнуць увагу педагогаў не толькі нашай установы адукацыі да праблемы папярэджання парушэнняў пісьма і чытання, але і педагогаў дашкольных устаноў і сумесна дасягнуць станоўчых вынікаў.

 

Вольга ФРАЛОВА,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы № 5 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий