- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Па месцах баявой славы

 

Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі разам з навучэнцамі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва пабывалі ў месцах, дзе ўвекавечана памяць воінаў, партызан, мірных жыхароў спаленых беларускіх вёсак.

Маршрут экскурсіі быў прапанаваны старшынёй Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Андрэем Міхайлавічам Кардашам, які на працягу ўсёй экскурсіі выступаў каардынатарам і арганізатарам праграмы.

Наш першы прыпынак – мемарыяльны комплекс савецкім воінам, партызанам і ахвярам фашызму каля вёскі Шымкі Мастоўскага раёна. Рабяты ўсклалі кветкі да помніка. З заміраннем сэрца чыталі выбітыя на гранітных плітах імёны загінулых. На гэтым святым месцы адчулі, што вайна закранула кожную беларускую сям’ю. Ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых. А потым навялі парадак каля мемарыяла.

Наш маршрут ідзе па партызанскіх сцежках Налібоцкай пушчы. І вось мы ўжо ў сапраўднай партызанскай зямлянцы знаёмімся з побытам партызан, разглядаем прадстаўленыя ў экспазіцыі музея фатаграфіі камандзіраў партызанскіх атрадаў, зброю, гільзы, планшэт і каскі. Ад работнікаў музея даведаліся, што мясцовыя партызаны падарвалі 267 эшалонаў і 50 мастоў, разграмілі 60 варожых гарнізонаў.

Пабывалі на месцы спаленай фашыстамі драўлянай царквы на беразе ракі Шчары і пабачылі “Бункер–77” – аб’ект халоднай вайны, часоў супрацьстаяння ЗША і СССР у пасляваенны час.

Едзем у Шчучын на аглядную экскурсію па горадзе. Тут наведалі палац Друцкіх-Любецкіх, які быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Фатаграфуемся ўсёй групай на прыступках палаца і атрымліваем асалоду ад відаў Шчучына. На развітанне нам махае крылом самалёт МІГ-25ПУ, які ўзвышаецца на пастаменце на выездзе з горада – самы знакаміты савецкі самалёт, на рахунку якога 29 сусветных рэкордаў!

Дзень прайшоў выдатна: многае даведаліся, сабралі матэрыял для абласнога інтэрнэт-праекта “Моладзь#памяць#будучыня#”. У аўтобусе весела, здаецца, склаўся новы песенны ансамбль, рэпертуар якога – песні ваенных гадоў і маладзёжныя хіты.

 

Наталля КАТАЛІКОВА,
выкладчык гісторыі
Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа
камунальнай гаспадаркі

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий