Подзвіг у імя Радзімы  

- 10:43ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Напярэдадні свята Перамогі ў сярэдняй школе № 2 Мастоў праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі. Так, у 3 “Б” класе была праведзена класная гадзіна “Подзвіг у імя Радзімы”, на якой вучні пазнаёміліся з адным з герояў вайны.

Вучні даведаліся, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, але нават залітая крывёю мільёнаў людзей, разрабаваная і напаўразбураная, краіна не здавалася. Больш за дзве тысячы мастаўчан змагаліся з ворагам на франтах, у партызанах, больш за тысячу землякоў засталіся на палях баёў.

Мастоўская зямля стала прытулкам для многіх яе абаронцаў з розных куткоў Савецкага Саюза. Памяць пра воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, увекавечана ў шматлікіх помніках і абелісках. Адзін з такіх помнікаў у нашым горадзе знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы Савецкай. Каля яго штогод у дзень Перамогі збіраюцца людзі розных пакаленняў, каб успомніць пра мінулую вайну. Усе называюць гэта месца “Помнік Жукаву”.

Імя гэтага героя вельмі паважаюць у Мастоўскім раёне. Нарадзіўся Васіль Жукаў у 1922 годзе ў вёсцы Бярозаўка Багародзіцкага раёна Тульскай вобласці. Але лёс закінуў яго на Мастоўшчыну.

У ліпені 1944 года ля вёсак Стукалы, Каралі, Масты Левыя ішлі жорсткія баі з ворагам. 12 ліпеня кулямётны разлік, якім камандаваў Васіль Жукаў, адбіў некалькі контратак праціўніка, а сам камандзір асабіста знішчыў больш за 20 фашыстаў, за што быў прадстаўлены да медаля “За адвагу”. Праз некалькі гадзін Васіль Пятровіч Жукаў здзейсніў свой апошні подзвіг у імя Радзімы – спыніў коштам уласнага жыцця два нямецкія танкі. Так абарвалася жыццё героя, які змагаўся за наш горад.

24 сакавіка 1945 года Васіль Пятровіч Жукаў быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Каля вёскі Навінка, дзе ён загінуў, стаіць абеліск. А ў райцэнтры на вуліцы Савецкай у 1961 годзе быў пастаўлены помнік.

У музеі нашай школы, дзе праходзіла класная гадзіна, ёсць экспазіцыя, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Нізка схіляем галовы перад памяццю герояў, якія зрабілі ўсё для нашай свабоды, шчасця і светлай будучыні.

 

Алена ВАСІЛЕЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 2 Мастоў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий