- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Дзецям пра вайну на мове мультфільмаў

 

Валянціна МІХАЙЛАВА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Альхоўская сярэдняя школа”
Астравецкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Вучні пачатковых класаў Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна на працягу некалькіх тыдняў да свята Дня Перамогі знаёміліся з мультыплікацыйнымі фільмамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне.

Гаварыць пра вайну не хочацца, тым больш, з дзецьмі, але трэба. І патрэбна зрабіць гэта на іх мове. Бо наша задача – засцерагчы іх ад страшных рэчаў. Але забыцца пра подзвіг нашых прадзедаў мы не маем права, таму пазнаёміцца з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны важна. У кожным узросце свая мова. Для большасці малодшых школьнікаў і вучняў – гэта мова мультфільмаў.

Таму пасля заканчэння вясновых канікулаў было вырашана правесці марафон мультфільмаў на тэму Вялікай Айчыннай вайны, асноўнай мэтай якога было выхаванняе ў дзяцей патрыятызму, пачуцця гонару за подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. А асноўнымі задачамі марафона з’яўляліся наступныя: даць уяўленне пра значэнне перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пазнаёміць з мультфільмамі пра вайну, выхоўваць трапяткое стаўленне да свята Перамогі, павагу да заслуг і подзвігаў воінаў Вялікай Айчыннай вайны.

Такім чынам, на працягу пяці тыдняў (05.04.–09.05.) вучням кожны тыдзень паказвала адзін мультфільм на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Спіс мультфільмаў быў наступны:

“Салдацкая лямпа” (1984 г.) – мультфільм распавядае нам пра тое, як школьнікі-піянеры рыхтаваліся да свята Дня Перамогі савецкага народа над фашызмам. Кожны вучань прынёс у клас прадмет з тых далёкіх ваенных гадоў. Дзеці сабраліся вакол вялікага стала і настроіліся пачуць апавяданні ад сваіх бабуль і дзядуль. Аднак усё прывяло да таго, што салдацкая лямпа з патрона, якая стаяла пасярэдзіне стала, асвятляла так жа, як і ў ваенныя часы. Усім стала здавацца, што яны апынуліся ў мінулым побач з тымі, каму гэтая лямпа калісьці свяціла.

Мультфільм “Прыгоды чырвоных гальштукаў” (1971 г.) расказвае пра піянераў-герояў. Пра масавы гераізм савецкіх людзей падчас Вялікай Айчыннай вайны ведаюць усе. Нароўні з дарослымі свой уклад у барацьбу з ворагам уносілі і дзеці, некаторыя з якіх атрымалі званне піянер-герой.

Мультфільм “Успамін” (1986 г.) – ваенна-патрыятычны фільм, прысвечаны дзецям ваенных гадоў. Ён распавядае пра маленькую дзяўчынку, якая падчас вайны ў спустошаным фашыстамі сяле марыла пра вучобу ў школе.

Сюжэт мультфільма “Васілёк” (1973 г.) разгортваецца праз гады пасля таго, як адгрымела Вялікая Айчынная вайна. Просты сельскі хлапчук, якога ўсе называюць Васілёк, раптам звяртае ўвагу на тое, што ва ўсіх навакольных дзетак ёсць дзядулі, а ў яго дзядулі няма, ён не вярнуўся з вайны. Хлопчык вырашае заняцца пошукамі свайго зніклага дзядулі.

“Салют” (1975 г.). У святочны вясновы дзень хлопчык разам са сваім татам чакаюць салют. Гледзячы з акна, малыш заўважыў, як шпацыраваў з дзецьмі барадаты дзядуля. Аказваецца, што ў галоўнага героя дзядуля ніколі не насіў барады і так ніколі і не быў старэнькім, бо маладым загінуў на вайне, змагаючыся за родную краіну і блізкіх.

Дзеці засталіся пад вялікім уражаннем ад праведзенага марафону. Было шмат пытанняў, разважанняў і гутарак, у якіх вучні праявілі сябе не як маленькія, а як дарослыя людзі. Было бачна, што такое мерапрыемства ім спадабалася. А я вельмі рада, што вызвала зацікаўленасць да гісторыі сваёй Радзімы, асабліва да яе сумных і знакавых старонак.

Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. для дзяцей сучаснасці – невядомае мінулае. На нас, бацьках, настаўніках, ляжыць вялікая адказнасць – перадаць па крупінках нашы ўласныя веды пра цяжкія гады бабуль і дзядуль. Дапамагчы захаваць гісторыю ў стагоддзях і пакаленнях. Каб памяталі … каб ганарыліся …

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий