- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Геаграфія ў вершах і карцінах

 

Другі год запар геолага-геаграфічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны сумесна з Рускім домам у Гомелі і Гомельскім аддзелам Беларускага геаграфічнага таварыства правялі паэтычны і мастацкі конкурсы “Паэзія геаграфічных адкрыццяў” і “Геаграфічная карціна свету”. Яны выклікалі вялікую цікавасць з боку вучняў школ не толькі Гомеля і вобласці, але і ўсёй Беларусі, і нават суседняй Расіі.

Ганаровае права першым павітаць пераможцаў конкурсаў было прадастаўлена прарэктару па выхаваўчай рабоце Гомельскага дзяржуніверсітэта Юрыю Нікіцюку. Затым дэкан геолага-геаграфічнага факультэта Андрэй Гусеў павіншаваў пераможцаў і прызёраў конкурсу “Паэзія геаграфічных адкрыццяў”. У паэтычным спаборніцтве прынялі ўдзел 64 творчыя работы вучняў сярэдніх школ усiх раёнаў Гомеля і вобласці. Хлопцы і дзяўчаты адлюстравалі ў іх прыгажосць вядомых месцаў свету і нашай краіны. Журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі і студэнты геолага-геаграфічнага факультэта, выбрала для ўзнагароджання 22 лепшыя работы.

Загадчык кафедры геалогіі і геаграфіі, старшыня Гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксандр Паўлоўскі вітаў пераможцаў мастацкага конкурсу “Геаграфічная карціна свету”, на які паступіла больш за 180 работ, самым малодшым удзельнікам – 4–5 гадоў. Работы былі намініраваны па чатырох групах: “Вада – крыніца жыцця на Зямлі”, “Маё падарожжа па родным краі”, “Прырода просіць абароны”, “Куток дзікай прыроды”.

Для гасцей універсітэта таксама была арганізавана экскурсія ў геалагічны музей, які дзейнічае на геолага-геаграфічным факультэце. Памятныя падарункі пераможцам конкурсаў падрыхтавалі Рускі дом у Гомелі, Гомельскі аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства.

 

Кацярына КАВАЛЕНКА
Фота аўтара   

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий