- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сустрэча ў музеі  

 

Напярэдадні Сусветнага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая, у 5-м класе Нацкіх ясляў-сада сярэдняй школы Воранаўскага раёна прайшла інфармацыйная гадзіна “Сустрэча ў музеі”.

У чарговы раз вучні прыйшлі ў школьны музей, каб яшчэ раз дакрануцца да гісторыі свайго краю. Пачалася сустрэча з міні-канферэнцыі, падчас якой пяцікласнікі ўспомнілі славутых землякоў. Гаворачы пра Тэадора Остык-Нарбута, дзеці нагадалі радкі верша мясцовага паэта, члена саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Руля.

Затым вучні расказвалі пра Людвіка Нарбута, паплечніка К.Каліноўскага, пра Станіслава Нарбута, браслаўскага лекара, які пабудаваў у Браславе бальніцу, бясплатна лячыў людзей, арганізаваў пажарную дружыну, спрабаваў сябе ў якасці артыста. Вучні не абыйшлі ўвагай яшчэ адно імя Вандалін Шукевіч, археолаг, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук, даследчыя працы якога захоўваюцца ў музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кракава, Варшавы.

Потым пяцікласнікам была прапанавана віктарына па экспазіцыі “І няхай пакаленні помняць…”, з якой яны вельмі добра справіліся. Дзеці назвалі імёны і прозвішчы ветэранаў, якія пражывалі ў мікрараёне школы, адказалі, хто з іх працаваў настаўнікам, сказалі, што імя ветэрана І.С.Маханько носіць піянерская дружына школы, хто з ветэранаў узнагароджаны ордэнам “Вялікая Айчынная вайна”.

У краязнаўчым пакоі школьнікі ў форме гульні расказалі адно аднаму пра рэчы, якімі карысталіся нашы продкі ў XIX пачатку XX ст. Іх зацікавілі бубен, бязмен, андарак, фанар, ступа і іншыя незвычайныя прадметы.

Вучні даведаліся, што ў музеі ёсць каштоўныя экспанаты: газета “Праўда” ад 10 мая 1945 года, ордэн “Вялікая Айчынная вайна”, манаграфія Марыі Бломбергавай, прафесара археалогіі з польскага горада Лодзь пра В.Шукевіча і яго дзейнасць, макет кароны Папы Рымскага, партрэт жыхара Начы, выкананы мастаком В.Урублеўскім, нямецкая талерка з фашысцкай свастыкай часоў вайны.

Напрыканцы кожны меў магчымасць зрабіць фотаздымак з экспанатам, які выклікаў найбольшую цікавасць. Для хлопчыкаў, безумоўна, гэта каскі, штык-нажы, рэшткі ваеннай амуніцыі, а дзяўчынак зацікавілі прасы, вышываныя сурвэткі і паясы.

Вучні выказалі жаданне паехаць на экскурсію ў які-небудзь музей. Спадзяюся, што мара іх збудзецца. Наперадзе лета пара адпачынку і адкрыццяў.

 

ІрынаУРУБЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 5-га класа,
Нацкіх ясляў-сада − сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий