- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Сумесна дапамагчы адаптацыі дзіцяці  

 

У дзіцячым садзе № 40 Мазыра ў 2020/2021 навучальным годзе арганізавана работа чатырох груп кароткачасовага знаходжання “Мацярынская школа”.

Наведваюць “школу” дзеці з бацькамі з кастрычніка мінулага года. Заняткі праводзяцца адзін раз у тыдзень па дзве гадзіны. Узрост выхаванцаў – ад паўтара да трох гадоў. Праводзяцца развіваючыя заняткі, а таксама ствараюцца ўмовы для самастойнай работы бацькоў і гульняў дзяцей. Яны кантактуюць з іншымі дзецьмі і дарослымі.

Працуюць у групах выхавальнікі дашкольнай адукацыі Алена Матвеянкова і Марына Кудрыцкая. Да заняткаў далучаюцца і іншыя спецыялісты: педагог-псіхолаг, музычныя кіраўнікі, кіраўнікі фізічнага выхавання, настаўнікі-дэфектолагі.

Сумеснае знаходжанне з бацькамі забяспечвае дзіцяці пачуццё бяспекі ў дзіцячым садзе, а таксама дае магчымасць бацькам назіраць за ўзаемадзеяннем педагога з дзецьмі, абмяняцца вопытам выхавання.

Ва ўмовах “Мацярынскай школы” інтэгруюцца кансультаванне і сумеснае знаходжанне бацькоў і дзяцей. Гэта дазваляе бацькам абдумваць стасункі са сваімі дзецьмі, вырашаць узнікаючыя праблемы. Гэта дапамагае ім вызначыцца ў сваёй пазіцыі выхавання, даведацца пра вопыт іншых, мяняць стыль узаемадзеяння з дзіцем.

Групы кароткачасовага знаходжання дапамагаюць дзецям адаптавацца перад залічэннем у сад на поўны дзень. Так ствараюцца ўмовы для паступовага прывыкання дзіцяці да памяшканняў дзіцячага саду, зносінаў з іншымі выхаванцамі, развіцця камунікатыўных здольнасцей. Мамы і таты тым часам удасканальваюць бацькоўскія навыкі.

Праводзяцца заняткі ў музычнай зале з выкарыстаннем інструментаў. У спартыўнай зале дзеці займаюцца з разнастайным абсталяваннем. У кабінеце педагога-псіхолага праводзяцца заняткі на развіццё псіхічных працэсаў і творчых здольнасцей. У маі арганізавана выніковае выпускное мерапрыемства, прысвечанае паспяховаму праходжанню курса “Мацярынская школа”.

Групы працуюць на платнай аснове. З бацькамі заключаны дагаворы аб платных паслугах. Аплата за наведванне груп кароткачасовага знаходжання паступае на рахунак пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы. За атрыманыя грошы купляюцца дапаможнікі, цацкі для арганізацыі адукацыйнага працэсу з дзецьмі.

Запатрабаванасць бацькамі групы кароткачасовага знаходжання “Мацярынская школа” узрастае з кожным годам. Нас, педагогаў, гэта вельмі радуе, бо работа ў трыядзе “педагог – бацькі – дзіця” прыносіць выдатныя вынікі ў навучанні і выхаванні. Бацькі праяўляюць зацікаўленасць у будучыні свайго дзіцяці і атрымліваюць ад кваліфікаваных педагогаў стартавыя веды пра правільны кірунак развіцця.

 

Таццяна БУЛАВА,
выхавальнік-метадыст
ясляў-сада № 40 Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий