- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дапаможам разам хворым дзецям і зробім нашу прыроду чысцей

 

На працягу некалькіх гадоў вучні, бацькі і настаўнікі сярэдняй школы № 11 Ліды прымаюць актыўны ўдзел у сацыяльна-экалагічным праекце “Новае жыццё ў абмен на закруткі”. Не стаў выключэннем і гэты навучальны год.

Экалагічныя брыгады праводзілі інфармацыйныя хвіліны ва ўсіх класах, нагадваючы пра значнасць і неабходнасць рэалізацыі праекта і, тым самым, выхоўвалі ў дзяцей экалагічную культуру і міласэрнасць.

Зараз у Беларусі больш за 565 тысяч дзяцей і дарослых маюць інваліднасць, на іх лячэнне і рэабілітацыю не хапае дзяржаўнага фінансавання. Пры гэтым штогод у краіне на звалках утвараецца больш за 4 тысячы тон пластыкавых закрутак ад бутэлек з-пад напояў, бытавой парфумерыі і хіміі, кошт якіх складае каля 800 тысяч долараў. Нечаканая статыстыка.

Штодзень спецыяльныя кантэйнеры нашай установы адукацыі папаўняліся пластыкавымі закруткамі, а напрыканцы навучальнага года былі падведзены вынікі. Валанцёры падлічылі, што ўсяго было сабрана 58 кілаграмаў. Больш ўсяго закрутак сабралі вучні 8 “Б” класа – 19 кілаграмаў. Калі некаму падасца, што гэта не так і шмат, то паводле падлікаў вядома: 1 кг – гэта 450 адзінак, а калі памножыць на 19, то атрымліваецца 8550 адзінак, а усяго па школе – 26100. І гэта толькі ў адной установе адукацыі краіны.

Жыццё пластыкавай закруткі даволі цікавае, але канец яе часта сумны. І для самой закруткі, і для планеты. Калі яны круцяцца на заводах, то гэта даволі захапляльна, калі знаходзяцца ў магазіне – цікава, але, калі іх пакупнік неадкладна адпраўляе ў сметніцу, а потым камунальнікі – на звалку… Тут ужо сапраўды хочацца больш аптымістычнай канцоўкі. І яе можна перапісаць.

Мы, вучні, бацькі і настаўнікі, сярэдняй школы № 11 Ліды заклікаем: дапаможам разам хворым дзецям і зробім нашу прыроду чысцей!

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий