- Дашкольная адукацыя. Iдэi, Метадычка

Народныя святы і абрады – адзін са сродкаў далучэння дашкольнікаў да нацыянальнай культуры

 

Тамара НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ,
выхавальнік
ДУА “Яслі-сад №
  19 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

 

Сёння актуальна далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыблена знаёміць іх з родным краем, беларускiмi традыцыямi, фальклорам праз народныя святы і абрады. Гэта спрыяе разнабаковаму выхаванню дзяцей – фармiруецца свабодная духоўная і творчая асоба.

Беларускія народныя святы і абрады садзейнiчаюць не толькi ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развiваюць iх пазнавальныя і iнтэлектуальныя магчымасцi, пашыраюць веды выхаванцаў, далучаюць да нацыяльнай культуры.

На жаль, не ўсе дзецi ведаюць, якія святы ўласцівыя нашаму краю, не валодаюць беларускай мовай, не ўмеюць спяваць народныя песнi, танцаваць беларускія танцы. Педагогi ў сваёй працы мала звяртаюцца да народных святаў і абрадаў, сродкаў вуснай народнай творчасцi, малых формаў беларускага фальклору. Большая колькасць бацькоў, дзецi якiх наведваюць установу дашкольнай адукацыі, увогуле не звяртаюцца да беларускай народнай культурнай спадчыны. Яны не вельмі добра адррозніваюць, не вызначаюць выхаваўчае значэнне рэлігійных, народных і дзяржаўных святаў і абрадаў, таму і адносяцца да іх фармальна. Народныя святы і абрады ў наш час мала запатрабаваны, iх творчае адраджэнне ўспрымаецца як свайго роду iнавацыйны феномен.

Зразумела, што выхаванне наступных пакаленняў немагчыма без выкарыстання вопыту продкаў. Кожны чалавек павiнен ведаць традыцыi і мову свайго народа. Таму лічу, што стварэнне адпаведнага прадметна-гульнёвага асяроддзя ў групе і ў установе дашкольнай адукацыі не толькі з’яўляецца неабходным для ўсебаковага развіцця дзіцяці, але і дапамагае далучаць выхаванцаў да нацыянальнай культуры.

У нас арганізавана прадметна-развіваючае асяроддзе. Работу па яго папаўненні ў групе ажыццяўляла паводле перспектыўнага планавання. У міні-музей “Беларускі куток” падбірала такія экспанаты, як пляценне з лазы, пеўнік-свістулька, гарлачыкі, вырабы з мастацкай апрацоўкай з дрэва, саломы, вышыўка, ткацтва і многае іншае.

Я дабівалася найбольшага эфекту пры правядзенні народных святаў і абрадаў, пашырала ў дзяцей ступень інфармаваннасці, зацікаўлівала звесткамі пра старажытныя святы і абрады, вызначала адносіны дзяцей да іх – усё гэта рабіла праз спецыяльна арганізаваныя заняткі.

Заняткі па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства”, “Мастацкая літаратура”, “Выяўленчае мастацтва”, “Музычные мастацва”, а таксама мастацка-маўленчая і тэатральна-гульнёвая дзейнасць садзейнічалі закладанню такіх пачуццяў і якасцяў характару, якія звязваюць дзяцей з іх гістарычнымі каранямі, уплываюць на выхаванне павагі да сваёй сям’і, народа, традыцый.

Яны дапамагаюць не толькі фарміраваць вобраз малой радзімы, жаданне клапаціцца, берагчы яе, але працягваюць і паглыбляюць работу па фарміраванні ў дзяцей уяўлення пра прынадлежнасць кожнага чалавека да сваёй нацыянальнасці, знаёмяць з этнічнымі прыметамі жыхароў нашай рэспублікі, лепшымі якасцямі свайго народа (дабрыня, спагадлівасць, працавітасць, сумленнасць, талерантнасць), мовай народа.

Дзеці вучацца падбіраць сінонімы да слоў “Радзіма” – месца, дзе нарадзіўся чалавек, дзе жывуць яго родныя; “Айчына” – зямля бацькоў, продкаў.

Тэмы “Беларускі народны каляндар”, “Як продкі адпачывалі” “Як раней жылі нашы продкі”, “Чым займаліся продкі” ляжаць у аснове тэматычных тыдняў. У гэтым напрамку можна выкарыстоўваць заняткі па тэме: “Мой мілы край”, “Чароўны куфэрак бабулі Ганны”, “Ходзяць святы па чарзе” і іншыя. Акрамя заняткаў праводзіла тэматычныя вечарыны, віктарыны.

Веды, якія дзеці атрымлівалі на занятках, замацоўваюцца ў самастойнай дзейнасці не толькі ў дзіцячай установе, але і дома.

Асаблівую ўвагу звярнула на падрыхтоўчую работу да святаў. Каб выхаванцы не страцілі цікавасць да іх у працэсе падрыхтоўкі, дарослыя праводзілі свае рэпетыцыі асобна ад дзяцей. Напярэдадні свята ці абрада расказвала дзецям пра яго гісторыю, значэнне, развучвала абрадавыя дыялогі, прыгаворы, знаёміла з прымаўкамі, народнымі прыкметамі, растлумачвала сэнс незнаёмых слоў.

Зразумела, не ўсе аспекты святаў і абрадаў беларускага народа даступныя дзецям, таму выбірала тыя, у якіх дзеці могуць прыняць удзел. Дарослыя ў народных святах і абрадах выконвалі вядучую ролю, а дзеці мелі магчымасць спяваць, скакаць, гуляць у гульні, удзельнічаць у інсцэніроўках.

Назіраннi за дзецьмі сведчаць пра тое, што хлопчыкi i дзяўчынкi па-рознаму адносяцца да народных святаў i абрадаў. Хлопчыкаў прываблiваюць гульнi, гульнi-спаборнiцтвы. Дзяўчынак – магчымасць падрыхтаваць касцюм, прыгожа апрануцца.

Дзецi заўседы адчуваюць эстэтычныя перажываннi ад удзелу ў свяце. Урачыстасць, атрыбутыка (сiмвалы, святочнае ўбранства залы, якое падчас робiм сваiмi рукамi), нацыянальнае адзенне садзейнiчаюць эмацыянальнаму ўспрыманню, вызываюць у выхаванцаў эстэтычныя пачуццi: радасць, хваляванне, захапленне, гонар за Бацькаўшчыну.

Шматгранасць працы далучэння дзяцей пяці-сямі гадоў да нацыянальнай культуры праз народныя святы і абрады дапамагае павялічваць цікавасць да твораў беларускага фальклору, беларускіх народных гульняў, свят, забаў, звычаяў, абрадаў. Дзецям падабаецца прымаць удзел у беларускіх народных гульнях, танцаваць беларускія народныя танцы і спяваць песні. У педагогаў пашыраецца ўзровень ведаў пра формы і метады правядзення работы з дзецьмі па далучэнні іх да народных святаў і абрадаў, а бацькі пачынаюць актыўна ўключацца ў сумесную працу.

Мэтанакіраваная работа па стварэнні ўмоў для далучэння дзяцей старшай группы да нацыянальнай культуры праз народныя святы і абрады дапамагае кожнаму дзіцяці з маленства адчуць сябе грамадзянінам Айчыны.

 

Поделиться ссылкой:

+5

Добавить комментарий