- ШАГ

Сям’я – апора дзяржавы, апора здзяйсненняў і перамог: Доцішская сярэдняя школа

 

У Доцішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна 25 мая прайшла чарговая сустрэча ў Школе Актыўнага Грамадзяніна на тэму “Сям’я – апора дзяржавы, апора здзяйсненняў і перамог”. Прысутныя разважалі пра сямейныя каштоўнасці. На сустрэчу з вучнямі была запрошана галоўны юрыст КСУП “Доцішкі” Наталля Матусевіч.

У пачатку мерапрыемства вядучы пазнаёміў навучэнцаў са зместам інфармацыйнага блока “Дабрабыт сям’і – залог развіцця і прагрэсу краіны”.

На другім этапе было арганізавана абмеркаванне прадстаўленага матэрыялу. Навучэнцы разглядалі, як звязаны паміж сабой паняцці “дзяржава” і “сям’я”.

Наталля Міхайлаўна звярнула ўвагу на тое, што штогод 15 мая ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень сям’і. Сацыяльная абарона сям’і, паляпшэнне яе становішча ў грамадстве, ахова мацярынства і дзяцінства – прыярытэты дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

З сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як грамадзяніна. У сям’і чалавек нараджаецца не толькі фізічна, але і духоўна. Сям’я – гэта дом, месца, дзе ўтульна і спакойна, дзе заўсёды зразумеюць і падтрымаюць, дапамогуць вырашыць праблемы і шчыра падзеляць радасць. Вельмі важна, каб сям’я была трывалай і поўнай.

Наталля Міхайлаўна запытала ў навучэнцаў, на чым жа павінна будавацца моцная сям’я? Можа быць, на даверы і любові? А можа, на ўзаемапавазе і ўзаемаразуменні? Вядома ж, усё гэта складальнікі моцнага падмурка для сям’і, адным словам, сямейныя каштоўнасці, – тое, што нельга купіць ні за якія грошы ці атрымаць па спадчыне. Сямейныя каштоўнасці можна і трэба здабыць і пранесці праз усё жыццё ўсім разам.

У канцы мерапрыемства навучэнцы пабудавалі сваю піраміду каштоўнасцей і растлумачылі свой выбар; сфармулявалі пытанні, якія тычацца сям’і, сямейных каштоўнасцей і традыцый, якія захацелася абмеркаваць дома з роднымі і блізкімі.

 

Аксана АНДРУКОНІС,
класны кіраўнік 9-га класа

Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий