- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Прававое асарці для дзяцей

 

Упершыню ў Воранаўскім раёне прайшоў Дзень прававой дапамогі: разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню прававой культуры непаўналетніх і іх бацькоў. Сапраўднае прававое асарці!

Выхаванцы Радунскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Воранаўскага раёна прынялі актыўны ўдзел у гульні-падарожжы “Аб правах, гуляючы”. Дзеці замацавалі веды аб праве на імя, прозвішча, асабістую недатыкальнасць, жыццё і свабоду, аб праве на сям’ю, медыцынскае абслугоўванне, падарожнічаючы па такіх станцыях, як станцыя забытых рэчаў, станцыі “Казачная”, “Медыцынская”, “Сямейная” і “Школьная”. Пасля займальнай гульні адразу ж адправіліся ў госці да ратавальнікаў. Супрацоўнікі РАНС звярнулі асаблівую ўвагу на магчымыя трагічныя наступствы ад неасцярожнага абыходжання дзяцей з агнём, з запалкамі. Паўтарылі правілы пажарнай бяспекі ў побыце, нумары тэлефонаў экстранных службаў.

Акрамя гэтага, на працягу цэлага дня жадаючыя маглі атрымаць кансультацыю па пытаннях абароны правоў дзяцей у юрысконсульта, патэлефанаваўшы на прамую лінію ў сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Хлопчыкі дзяўчынкі з Жырмунскай і Радунскай сярэдніх школ прынялі актыўны ўдзел у занятках “Мне пра закон, закон пра мяне”, абмеркавалі тэматычны відэафільм. Змаглі паглядзець на прапанаваныя сітуацыі вачыма юрыстаў, даць прававую ацэнку правапарушэнням, вызначыць від адказнасці. У гэты дзен асаблівае ўражанне на дзяцей зрабіла з’яўленне Лісы-правазнаўцы ў Жырмунскай сярэдняй школе. Школьнікі атрымалі ад казачнай гераіні “Прававыя буклеты да лета” і ласункі.

Не засталіся ў гэты дзень па-за ўвагай і дзеці, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях. У рамках рэйду “Права ў дом!” валанцёры сустрэліся з прыёмнымі мамамі Святланай Куліс, Галінай Алекса, апекунамі Вольгай Шадзюль, Аленай Стацэнка, Наталляй Федасевіч, Станіславай Урыновіч і іх выхаванцамі. У нязмушанай абстаноўцы ўдалося абмеркаваць сацыяльныя гарантыі для выпускнікоў, якія засталіся без апекі бацькоў, пагутарыць пра адказнасць за правапарушэнні. Госці нагадалі аб неабходнасці і важнасці бяспечных паводзін у канікулярны перыяд, правялі прававую віктарыну.

 

Ганна ГАЛАЎНЯ,
педагог сацыяльны
Радунскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий