- Образование в лицах

Настаўнік думкамі і справамі  

Ганна Чаславаўна Язукевіч

 

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ганна Чаславаўна Язукевіч з Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна штодзённай працай даказвае, што педагогіка можа быць любімай справай на ўсё жыццё.

“Беларуская мова прысутнічала ў маім жыцці з дзяцінства, уся сям’я, уся вёска размаўляла на беларускай мове, – успамінае настаўніца. – Тыя трапныя выслоўі, якія існавалі ў мове, заўсёды краналі душу”.

Ганну Чаславаўну хвалюе праблема, як выхаваць у сучасным інфармацыйным грамадстве гарманічна і духоўна развітую асобу. Як вядома, адным з галоўных паказчыкаў духоўнай культуры чалавека з’яўляецца мова. Таму прыярытэтныя напрамкі педагагічнай дзейнасці Г.Ч.Язукевіч –абуджэнне павагі да роднага слова, павышэнне матывацыі да вывучэння беларускай мовы як важнага кампанента нацыянальнай культуры.

З гаго пачынаецца павага да Радзімы, да роднай зямлі, да сваёй сям’і? Відавочна, што з любові і павагі да роднага слова, да роднай мовы. Разважаючы над пытаннем пра тое, яе дзецям прывіць любоў да прадмета, настаўніца гаворыць, што павага да роднага слова пачынаецца ў сям’і. Што тычыцца настаўніка, тут адной любові мала. Педагог павінен бачыць у кожным з вучняў асобу са сваім прызваннем, сваім жыццёвым шляхам.

Ганна Чаславаўна для папулярызацыі роднай мовы і пашырэння ведаў вучняў выкарыстоўвае актыўныя формы і метады, якія заўсёды прыносяць станоўчы вынік.

Урокі настаўніцы багатыя па змесце, разнастайныя па метадах навучання, адрозніваюцца творчым характарам. Сваю работу яна будуе па прынцыпах педагогікі супрацоўніцтва, улічваючы індывідуальныя асаблівасці, інтарэсы і схільнасці кожнага вучня.

Добра ведае прадмет, методыку яго выкладання, працуе над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства. Урокі будуе як на сучасных, так і на традыцыйных адукацыйных методыках. А каб кожны вучань змог праявіць свае здольнасці, выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход.

Высокая прафесійная кампетэнтнасць садзейнічае дасягненню значных станоўчых вынікаў, забяспечвае павышэнне ўзроўню падрыхтаванасці вучняў, што кожны год пацвярджаецца высокімі вынікамі выпускных экзаменаў і ЦТ.

Вялікую ўвагу надае арганізацыі работы з адоранымі вучнямі, таму амаль кожны год яе выхаванцы становяцца прызёрамі алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, конкурсаў чытальнікаў “Рух душы”, “Жывая класіка”. 

Настаўніца вядзе сістэматычную мэтанакіраваную пазакласную работу па падрыхтоўцы да ўдзелу ў навукова-практычных канферэнцыях. Ганна Чаславаўна – апантаны краязнавец, на ўроках фарміруе патрыятычныя пачуцці, шырока выкарыстоўвае краязнаўчы матэрыял. Цікавіцца гісторыяй нацкага краю, сабрала шмат матэрыялу пра Начу і яе ваколіцы, з’яўляецца экскурсаводам для шматлікіх турыстаў, якія наведваюць наш край, цікава распавядае пра будаўніцтва ў Начы аэрадрома, Дома Людовага, касцёла, пра пачатак ваенных дзеянняў у Начы, дзеліцца ведамі з навучэнцамі школы, выступаючы на класных і інфармацыйных гадзінах, іншых выхаваўчых мерапрыемствах. Вучні пад яе кіраўніцвам напісалі даследчыя работы “Тапаніміка вёскі Нача і яе ваколіц”, “Літаратурная спадчына нацкага краю”, “Тэма Радзімы і бацькоўскага дома ў творчасці паэта-земляка А.Янкоўскага”, “Героіка паўстання 1863/64 гадоў у творчасці паэта-земляка У.Руля”, “Нача на скрыжалях гісторыі (1900–1939 гады)”, “Вёска Нача ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Настаўніца распрацавала сцэнарыі класных гадзін “З гісторыі школы”, “Нача і яе вуліцы”, “Яўрэі, якія пражывалі ў Начы”, вершаваны экскурсійны маршрут “Сцежкамі продкаў” і інш.

На працягу апошніх гадоў сем выпускнікоў школы выбралі прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры ці журналіста. У гэтым, вядома, вялікая заслуга Ганны Чаславаўны.

Яе аўтарытэт, добразычлівасць, ураўнаважанасць стварае ў калектыве атмасферу ўзаемападтрымкі, зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Да калегі заўсёды можна звярнуцца за дапамогай, яна знойдзе час, каб выслухаць, зразумець і падтрымаць. А гэта вельмі важна для зладжанай работы калектыву.

 

Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
кіраўнік гістарычна-краязнаўчага музея імя Т.Нарбута
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий