- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Цягнік Перамогі  

 

У апошні дзень змены выхаванцы абаронна-спартыўнага лагера “Юны ратавальнік” гімназіі № 1 Мастоў адправіліся на экскурсію ў Гродна, куды прыбыў “Цягнік Перамогі”.

Нам выпала ўнікальная магчымасць – наведаць першую ў свеце імерсіўную інсталяцыю. Пры ўваходзе ў кожны з васьмі вагонаў мы сапраўды адчувалі атмасферу ваенных гадоў. У кожным адлюстравана новая старонка Вялікай Айчыннай вайны, у якой пераплеценыя драматычныя падзеі, гістарычныя факты, лёсы і ўспаміны людзей. Тэхнічны бок інсталяцыі нас моцна ўразіў. Кожны вагон абсталяваны відэапраектарамі, інтэрактыўнымі панэлямі, тач-сталамі і вокнамі-экранамі. Дзякуючы светлавым і гукавым эфектам мы нібы былі ўдзельнікамі ваенных падзей. Мы адчувалі сябе так, як быццам здзейснілі падарожжа назад у часе.

Мы пераходзілі з вагона ў вагон і літаральна пераносіліся ў іншую эпоху. У першым вагоне мы ўбачылі мірнае жыццё, дзе едуць людзі, якія нават не падазраюць, што зусім хутка пачнецца вайна. Хтосьці весела гуляе ў шахматы, хтосьці распавядае казкі дзіцяці, а дзяўчына бесклапотна мажа каленку зялёнкай. Вось такой бытавой карцінай сустрэў нас першы вагон цягніка. Мы глядзелі на скульптуры, але нам здавалася, што гэта жывыя людзі. У наступным вагоне мы назіралі момант развітання з блізкімі і няпросты шлях на фронт. Маладыя юнакі, зусім яшчэ дзеці… Гэтыя юныя твары поўныя здзіўлення і страху перад невядомасцю. Мы глядзелі на твары дзяцей і юнакоў і думалі пра тое, колькі гора прынесла вайна людзям, колькі маці не далічыліся сваіх сыноў і дачок, колькі нявест не дачакалія жаніхоў. У адным з вагонаў нас вельмі моцна ўразіла сцэна допыту фашыстамі савецкага афіцэра, якога не зламаць нават самымі страшнымі катаваннямі. Ну і, вядома, жахлівы сімвал лагераў смерці – гара абутку, знятая з ужо загінулых людзей. Гэты вагон зрабіў на нас асаблівае ўражанне. Мізансцэны гэтай экспазіцыі нас па-сапраўднаму шакіравалі. Перад нашымі вачыма жах нацысцкага канцлагера – бесчалавечныя эксперыменты, голад, расстрэлы, газавыя камеры. Санітарны вагон можна назваць помнікам подзвігу савецкіх лекараў, якія да апошняга выходжвалі параненых байцоў. Да глыбіні душы нас кранулі сцэны клопату медсясцёр пра салдат.

Адна з экспазіцый прысвечана подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Мы моўчкі стаялі і слухалі аповед пра ўдзельнікаў гераічнай абароны, салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, членах іх сем’яў, якія першымі прынялі на сябе ўдар нямецкіх войскаў. У адным з вагонаў арганізатарам выставы атрымалася нават перадаць атмасферу лазні – пах венікаў, пар.

У экспазіцыі ёсць і штабны вагон, дзе легендарныя ваеначальнікі Ракасоўскі і Казакоў абмяркоўваюць дэталі наступальнай аперацыі “Баграціён”. А ў тэматычнай зоне бронецягніка мы міжволі ўздрыгвалі ад гукаў бамбёжкі і бачылі ў праекцыі страшны паветраны бой.

І вось, “прайшоўшы” праз усе жахі вайны, літаральна выпрабаваўшы на сабе пакуты савецкіх воінаў, мы трапляем у трафейны, пераможны вагон, які быццам падзяліўся на дзве часткі. З аднаго боку, гэта радасць, усмешкі, шчаслівыя фатаграфіі, а з другога, у самым кутку вагона, салдаты памінаюць загінулых таварышаў, якія ўжо не вернуцца дадому.

Апошні вагон – гэта рэканструкцыя, на першы погляд, самай звычайнай электрычкі. Мы прыселі і ў вокнах убачылі не ўласнае адлюстраванне, а твары тых, хто назаўсёды застаўся ў нашай памяці, твары адважных абаронцаў Радзімы. Цягнік – гэта ўвасабленне ўсяго жыцця чалавека.

Дарэчы, у кожным вагоне гучыць голас машыніста Лідзіі. Яна дзялілася з намі сваімі ўспамінамі, распавядала пра ваенныя будні. Правобраз Лідзіі – наша зямлячка Алена Чухнюк, якая да вайны працавала ў лакаматыўным дэпо Гомеля, а ў страшныя саракавыя ўзялася вадзіць воінскія эшалоны са зброяй і боепрыпасамі да лініі фронту.

“Цягнік Перамогі” – гэта захавальнік памяці пра подзвіг савецкіх герояў. І мы, як і ўсе, хто пабываў у гэтым унікальным цягніку, яшчэ раз пераканаліся, колькі гора і пакут прынесла вайна людзям. І мы павінны гэта бачыць, каб такое ніколі не паўтарылася, каб ніколі не ўбачыць гэта ўжывую. Ніхто не мае права забыць усе жахі Вялікай Айчыннай вайны, тую цану, якую аддалі мільёны людзей у гэтай барацьбе. Забыць – гэта значыць здрадзіць мінуламу і сучаснасці. Наша задача цяпер – гэта памятаць тых людзей, дзякуючы якім мы жывем пад мірным небам.

 

Аляксандр ГАЛАВЕНКА,
дырэктар абаронна-спартыўнага лагера “Юны ратавальнік”,
настаўнік фізікі
гімназіі № 1 Мастоў

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий