- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Зноў нас паклікала “Зарніца”  

 

Юнармейцы Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прынялі ўдзел у абласным этапе ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.

Гульня “Зарніца” праводзіцца на працягу многіх гадоў і палюбілася розным пакаленням школьнікаў. Але ў мінулым годзе з-за эпідэміі каронавіруса яна была адменена. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем яе чакалі і старанна рыхтаваліся, таму і занялі першае месца ў раённым этапе.

Ужо першы конкурс строю і песні паказаў, што барацьба будзе сур’ёзнай. На пляцы Гродзенскага кадэцкага вучылішча юнармейцы па-вайсковаму чаканілі крок і беспамылкова выконвалі каманды свайго камандзіра. Дарэчы сказаць, нягледзячы на тое, што Радзіму абараняць – доўг сапраўдных мужчын, нашым атрадам юнармейцаў камандавала прадстаўніца слабога пола – Аліна Вільчэўская. І са сваёй задачай яна паспяхова спраўлялася, дэманструючы ваенную выпраўку і камандны голас.

Дзяўчынкі ўпэўнена трымалі ў руках зброю, траплялі ў мішэнь дартс з першага стрэлу. Хто ведае, можа, праз некалькі гадоў хтосьці з іх абярэ для сябе ваенную прафесію.

Найбольш відовішчны і захапляльны этап у “Зарніцы” – ваенізаваная гульня, дзе юнакам і дзяўчынкам неабходна было праявіць не толькі хуткасць і спрыт, але і кемлівасць. Тут юнармейцам трэба было пераадолець паласу перашкод і разгадаць шыфроўку, а таксама аказаць першую медыцынскую дапамогу пацярпеламу. Хлопцы разбіралі і збіралі аўтаматы, зараджалі іх патронамі, правільна ўкладвалі рэчмяшкі.

Барацьба ішла сур’ёзная. Юнармейцы прадэманстравалі волю да перамогі і сапраўдны камандны дух. Але фартуна была не на нашым баку. Рабяты не засмуціліся, яны ведаюць, што галоўнае не перамога, а ўдзел. І як у любой гульні – ёсць пераможцы і пераможаныя.

Нашы юнармейцы атрымалі велізарны зарад станоўчых эмоцый, радасці ад удзелу ў “Зарніцы”. Бо менавіта на падобных мерапрыемствах выхоўваецца патрыятызм, пачуццё таварыства і ўзаемадапамогі.

 

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий