Абаронна-спартыўны лагер “Юны ратавальнік”

- 13:02ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

На базе Мастоўскага РАНС арганізавана змена абаронна-спартыўнага лагера “Юны ратавальнік”. Дваццаць юнакоў Мастоўшчыны ва ўзросце 16 гадоў выдатна праводзяць тут час і атрымліваюць масу прыемных уражанняў.

Ужо сам пейзаж, чароўная зялёная панарама наводзяць на пазітыўныя эмоцыі, надаюць бадзёрасці і сіл. Лагер створаны з мэтай удасканалення грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў, развіцця ў іх імкнення да выканання свайго абавязку перад Айчынай, паглыблення і практычнага замацавання ведаў, уменняў, навыкаў па агульнавайсковай падрыхтоўцы, дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, умацавання здароўя непаўналетніх, пераадолення негатыўных з’яў у падлеткавым асяроддзі, прафілактыкі правапарушэнняў і асацыяльных паводзін, развіцця творчых здольнасцей дзяцей.

Абстаноўка абаронна-спартыўнага лагера пранізана ваеннай тэматыкай. Хлопцы начуюць у двух вялікіх палатках у стылі армейскай казармы. Захапляльныя выпрабаванні, начлег у палатках і раніца пад спевы птушак – каштоўны вопыт выхавання ў падрастаючых хлопцаў сілы духу і братэрства. Жывая цікавасць да спартыўнага турызму і праца ў камандзе, змена абставін спрыяюць не толькі ўмацаванню здароўя дзяцей, але і выхаванню ў іх пачуцця адказнасці, узаемадапамогі, свядомай дысцыпліны, настойлівасці ў дасягненні выніку, умення пераадольваць цяжкасці дзеля агульнай справы. Удзельнікі змены з’яўляюцца адной камандай і падзеленыя на атрады. Атрад – гэта аддзяленне, якое ўваходзіць у каманду. Усе ўдзельнікі і арганізатары жывуць па армейскіх законах і традыцыях.

З першых дзён знаходжання ў лагеры юнакі ўведзены ў гульню “Апошні герой”. Удзельнікі з першага дня змагаюцца за “выжыванне” аддзяленняў, спрабуючы знайсці разумныя выхады з інтэлектуальнага лабірынта, жывуць яркім і незабыўным жыццём, трэніруюць здаровае цела для здаровага духу. Супрацоўнікі Мастоўскага РАНС знаёмяць дзяцей з абсталяваннем ратавальнікаў, распавядаюць пра магчымасці пажарных машын, паказваюць, якімі спецыяльнымі інструментамі карыстаюцца агняборцы пры тушэнні пажараў і правядзенні выратавальных работ. Для юных ратавальнікаў праводзіцца дэманстрацыя аварыйна-выратавальнай тэхнікі, баявога разгортвання. Рухомыя і інтэлектуальныя гульні, вывучэнне Статута Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, страявая і ваенна-прыкладная падрыхтоўка, пад’ём па штурмавой лесвіцы на паверхі вучэбнай вежы, адпрацоўка тэхнікі тушэння пажару, пераадоленне сцежкі выпрабаванняў, залікі па стральбе і кіданні гранаты, экскурсіі на станцыю АСВОД з магчымасцю пабыць сапраўднымі вадалазамі, ды і само жыццё без звыклых і часам лішніх выгод цывілізацыі – усё гэта месціцца ў 9 дзён знаходжання ў незвычайным лагеры, які выдатна спрыяе станаўленню падрастаючых мужчын, дапамагаючы ім многае асэнсаваць і зразумець.

Кожны дзень насычаны разнастайнымі выхаваўчымі мерапрыемствамі. Акцэнт робіцца на гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, на расказы навучэнцам пра ветэранаў Мастоўшчыны, пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў гады вайны дзеля Вялікай Перамогі. Падлеткі паглыбляюць свае веды па гісторыі роднай зямлі, даведваюцца шмат цікавага пра знакамітых людзей, якія праславілі наш край. З юнакамі была арганізавана гадзіна гістарычнай памяці “Той самы першы дзень вайны..”, праведзена віктарына “Вялікая Айчынная вайна ў датах і асобах”. Навучэнцы прынялі самы актыўны ўдзел ва ўроку памяці “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Па-даросламу падлеткі разважалі пра любоў да сваёй краіны і адданасць свайму народу падчас правядзення адкрытага мікрафона “Беларусь – краіна маёй будучыні!”, прысвечанага Году народнага адзінства.

У лагеры дзейнічаюць свае законы: павага да чалавечага слова і думкі, дабрыня і прыстойнасць, памяць і абавязак. Кожны падлетак штодня мае магчымасць атрымаць свой знак поспеху за даручаную і выдатна выкананую справу. Уручэнне знака праходзіць пры падвядзенні вынікаў дня на вячэрняй праверцы. Індывідуальныя знакі ўручаюцца за цікавыя ідэі і ініцыятыву; за якасць выкананай працы; за актыўны ўдзел у справах аддзялення; за аператыўнасць у выкананні пастаўленых задач.

Задача кожнага аддзялення –сабраць як мага больш знакаў поспеху, што дапаможа выявіць лепшае аддзяленне. У канцы “службы” будзе падведзены вынік. Юнакі, якія набралі найбольшую колькасць знакаў поспеху, стануць Ганаровымі ратавальнікамі і будуць узнагароджаны падарункамі. Галоўная мэта абаронна-спартыўнага лагера “Юны выратавальнік” – выхаванне патрыятызму, любові да Радзімы, фарміраванне беражлівых адносін да гісторыі сваёй краіны і памяці пра подзвігі і дасягненні старэйшых пакаленняў, імкненне да самаахвярнага служэння сваёй Айчыне.

 

Аляксандр ГАЛАВЕНКА,
дырэктар абаронна-спартыўнага лагера “Юны ратавальнік”,
настаўнік фізікі
гімназіі № 1 Мастоў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий