- Дошкольное образование. Идеи, Методичка

Картатэка гульняў для вывучэння роднай мовы  

 

Маргарыта ГАРБУНОВА,
намеснік загадчыка
ДУА “Яслі-сад № 49 г. Магілёва”

 

 

 

Педагогі ясляў-сада № 49 Магілёва вядуць мэтанакіраваную работу па развіцці ў выхаванцаў цікавасці да беларускай мовы і нацыянальных традыцый беларускага народа.

Разам з кіраўніком фізічнага выхавння Е.І.Казючыц мы стварылі картатэку беларускіх народных гульняў, лічылак і фізкультурных хвілінак у адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Яна складзена з улікам узросту дзяцей і дае магчымасць хутка і правільна падабраць гульні і выкарыстоўваць іх пры планаванні.

Для правядзення гульняў створаны атрыбуты, якія выклікалі ў дзяцей вялікую зацікаўленасць і жаданне гуляць (“Беларускі кошык”, “Чароўныя кубы”, “Беларуская торбачка”, “Медальёны” і інш.).

Найбольшую цікавасць і захапленне выклікаў “Беларускі кошык” з карткамі. Сутнасць гульні ў тым, што адзін з дзяцей дастае з кошыка картку, дзе адлюстравана падказка, у якую гульню мы будзем гуляць. Дзіця называе гульню, і мы сумесна з дзецьмі прамаўляем яе назву. Праслухаўшы правілы гульні, дзеці пачынаюць гуляць. Гэта дае магчымасць папаўняць пасіўны слоўнік дзяцей і актывізаваць беларускую мову. Што ў далейшым стымулюе самастойную маўленчую актыўнасць выхаванцаў.

Акрамя картак для гульні ў “Беларускі кошык” выкарыстоўваюцца беларускія народныя цацкі, што дазваляе знаёміць дзяцей з беларускай народнай творчасцю. Гэты гульнявы матэрыял універсальны ў сваім выкарыстанні. Гульні развіваюць дзяцей не толькі фізічна, але і духоўна, вучаць разумець навакольную рэчаіснасць, узаемадзейнічаць у калектыве; фарміруюць маральныя якасці – узаемадапамогу, павагу, уменне давесці пачатую справу да канца.

У гульні “Чароўны куб” выкарыстоўваецца куб, на кожнай грані якога прымацаваны кішэні з карткамі, дзе намалявана і напісана назва гульні. Для кожнага ўзросту ёсць набор картак з гульнявым матэрыялам. Дзіця падкідвае куб, картка выпадае, і дзеці, разглядаючы картку, называюць тую гульню, якая намалявана на ёй. Так можна гуляць у некалькі гульняў, у выніку складаецца цэлы гульнявы комплекс.

Неабходна адзначыць, што пры правядзенні гульнявых комплексаў у дзяцей з’явілася імкненне яшчэ больш даведацца пра культуру свайго роднага краю і традыцыі беларускага народа. Вялікую ўвагу прыцягнулі беларускія словы, іх правільнае вымаўленне, значэнне і паходжанне.

Каб выклікаць у дзяцей большую цікавасць да беларускай мовы была створана картатэка гульняў “Сучасныя беларускія гульні”.

Пры арганізацыі рухомых гульняў з выхаванцамі ранняга ўзросту педагог стварае гульнявую сітуацыю. Сваімі дзеяннямі і словамі дапамагае ўключыцца ў гульню.

У сярэднім дашкольным узросце значнае месца займаюць гульні, у якіх дзеянні персанажаў адпавядаюць сучаснай рэальнасці. Дыяпазон рухомых гульняў пашыраецца. Усе гульні разлічаны на высокую актыўнасць дзяцей – разумовую, рухальную, маўленчую, сэнсорную. Выкарыстанне мастацкага слова ў сюжэце рухальных гульняў з’яўляецца эфектыўным метадычным прыёмам пры навучанні дашкольнікаў беларускай мове і далучэнні да нацыянальных традыцый. Мастацкія творы, якія выкарыстоўваюцца ў гульнях, з’яўляюцца прыкладам літаратурнай беларускай мовы. У дзяцей развіваецца ўстойлівая цікавасць да маўленчай дзейнасці.

Такім чынам, беларускія рухомыя гульні забяспечылі найбольшую інтэграцыю пазнавальнай, камунікатыўнай і рухальнай дзейнасці. Выкарыстанне беларускіх народных гульняў паспрыяла фарміраванню ў дашкольнікаў устойлівых станоўчых адносін да беларускай мовы, нацыянальных традыцый беларускага народа.

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий