- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Ладзеніцкія гарэзы на радзіме Адама Міцкевіча

 

Для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Ладзеніцкія гарэзы” Навагрудскага раёна працягваецца час падарожжаў па родным краі. Вось і на мінулым тыдні дзеці наведалі музей-сядзібу ў вёсцы Завоссе Баранавіцкага раёна, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч.

Дзяцей уразіла паэтычнасць мясцовай прыроды, хутаранскі побыт, гісторыя жыцця славутага польскага паэта, нашага земляка. Выхаванцы прайшліся па сцяжынках, дзе хадзіў Адам Міцкевіч, даведаліся, што паэт жыў нядоўга ў Завоссі, яго сям’я пераехала жыць у Навагрудак. Але Міцкевіч любіў прыязджаць на сустрэчы з роднымі, каб адчуць сябе свабодным і патрэбным чалавекам. З гэтым месцам звязана асабістае жыццё паэта: тут жыла яго каханая Марыя Верашчака.

Экскурсавод і дырэктар музея Віктар Дмухоўскі вельмі змястоўна, цікава, даступна для дзіцячага ўспрымання распавядаў пра жыццё беларускай шляхты. Паказаў невядомыя для сучасных дзяцей пабудовы: студню-журавель, амбар (на другім паверсе якога размяшчаецца пакой Адама Міцкевіча), пяро з чарнільніцай, куфры і іншыя даўнішнія рэчы хатняга побыту. Дзеці прайшлі па алеі, паабапал абсажанай бярозкамі, якая прывяла да невялічкай сажалкі.

Выхаванцы даведаліся, што сям’я Міцкевіча жыла дастаткова сціпла, але адносіны паміж роднымі грунтаваліся на згодзе, любові адно да аднаго, сумленнасці, павазе да бліжніх і ўзаемадаверы.

Закончылася экскурсійная паездка наведваннем возера Свіцязь, апетага Міцкевічам у баладах і вершах. Прыгожы незабыўны пейзаж, цёплая гаючая вада, чыстая берагавая лінія – ўсё гэта пакінула незабыўнае ўражанне ад цудоўнага падарожжа.

 

Наталля ЧУБРЫК,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера “Ладзеніцкія гарэзы”
Ладзеніцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий