- Проекты

Праект “Беларусь. На скрыжаванні эпох”: далучэнне да нацыянальных традыцый, культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа

 

Таццяна ГРЭЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Юлія КАМІСАРАВА,
настаўнік замежных моў
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”

 

 

 

ХХІ стагоддзе прынесла ў наша жыццё ўсплеск інфармацыі, дало магчымасць авалодаць ёю, дзякуючы інтэрнет-сайтам, блогам, сацыяльным сеткам.

Як не згубіццца ў гэтым акіяне ведаў? Як выбраць тое, што патрэбна менавіта табе? Такія пытанні ў эпоху глабалізацыі задаюць сабе не толькі вучні, але і настаўнікі. Як дапамагчы вучням авалодаць ведамі, якія выхаваюць у іх павагу да свайго народа, яго культурна-гістарычнай спадчыны, яго традыцый і мовы? Як стаць не толькі настаўнікам, але сябрам і дарадцам для тых, ад каго залежыць будучае нашай краіны? Як не толькі навучыць чытаць і пісаць, рашаць задачы і праводзіць вопыты, а і даць магчымасць навучыцца аналізаваць вялікую колькасць інфармацыі, вылучаць патрэбнае, пазбаўляцца “шалупіння”, якое нясе хлусню, агрэсію, распальвае агонь непрыязні да іншых народаў, нацый, дзяржаў?

Адказ на гэтыя пытанні не можа быць адназначным. Кожны сучасны настаўнік таксама шукае тыя формы, метады і прыёмы, што дапамогуць выхаваць не толькі адукаванага вучня, але і грамадзяніна і патрыёта сваёй Радзімы: асобу, якая не страціць сувязь паміж пакаленнямі, будзе беражліва адносіцца да сваёй спадчыны і зможа выбраць той шлях, што адкрые перад ёю будучае, дзе жывуць таленавітыя і адукаваныя, талерантныя і патрыятычныя, смелыя і сапраўдныя грамадзяне нашай краіны,

Творчым настаўнікам усё па сілах: зрабіць цікавым урок, знайсці іскру таленту ў кожным вучні, стаць лоцманам у свеце інфармацыі. І адзін з важкіх вынікаў працы настаўнікаў нашай школы – праект “Беларусь. На скрыжаванні эпох” (пазнаёміцца з праектам можна тут: https://clck.ru/Vh2ab), галоўнай мэтай якога стала далучэнне вучняў, іх бацькоў, педагогаў да нацыянальных традыцый, культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа. Ад задумы да пачатку стварэння сайта, які стане пляцоўкай для здзяйснення ўсіх ідэй, прайшоў амаль год. Таму ўжо зараз мы можам запрасіць вас наведаць наш сайт і адкрыць для сябе невядомую Беларусь ці ўбачыць яе ў новым ракурсе. Там вас чакаюць старонкі “Славутыя імёны Беларусі”, ”Экскурсіі”, “Міфалогія”, “Стравы беларускай кухні”, “Этнічныя традыцыі”, ”Зямля мая – зялёны дом”, “Рамёствы” і г.д.

Паколькі праект разлічаны на некалькі гадоў, то нашы госці змогуць наведаць віртуальныя эксурсіі па Гродна і Гродзенскай вобласці, а таксама па ўсёй Беларусі; разам з нашымі вучнямі пазнаёміцца з уражаннямі ад наведвання музеяў, паглядзець відэаролікі, буктрэйлеры, буклеты на розныя тэмы; атрымаць пазітыў на майстар-класах па вырабу нацыянальных лялек, абрадавага адзення, навучыцца “чытаць” вышыванкі і гатаваць нацыянальныя стравы; мадэліраваць гісторыка-культурныя помнікі; прайсціся партызанскімі сцяжынкамі, наведаць абарончыя ўмацаванні, схіліць галаву перад подзвігам нашага народаў Вялікую Айчынную вайну; адрозніваць лекавыя і ядавітыя расліны; карыстацца мультымоўным слоўнікам (беларуска-руска-аглійска-нямецка-польскім); сачыць за навукова-даследчай дзейнасцю вучняў і настаўнікаў. Хтосьці скажа, што збіраемся абняць неабдымнае, але мы не адны, мы працуем супольна, ці, як казалі раней, талакой.

А каб спадарожнічала ўдача ў нашых намаганнях, мы вучымся пастаянна. І вельмі рады таму, што ў Беларусі з’явіўся РROрух адукацыйных ініцыятыў. Матывацыйна-навучальны курс “Ад ідэі – да праекта 2.0”, які праходзіў у ZOOM з 14 па 18 чэрвеня, стаў для нашай творчай групы ўзорам супрацоўніцтва і мэтанакіраванасці ў рэалізацыі праекта. Мы абавязкова справімся.

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий