Ён не памёр! Ён недзе тут… З нізкім паклонам Васілю Быкаву

- 20:33Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

Вялікі беларус, грамадзянін, Васіль Вялікі… Нават пры жыцці гэтыя словы ў адносінах да Васіля Быкава не здаваліся празмерна пафаснымі. Жудасная смерць, забраўшы ад нас вялікага пісьменніка і вялікага чалавека, толькі падкрэсліла планетарны маштаб постаці, яго значэнне для беларускага грамадства, беларускай нацыі.

22 чэрвеня 2003 года ён пайшоў ад нас, пайшоў у іншы свет.

Адыход з жыцця Васіля Быкава – гэта расстанне з цэлай духоўнай эпохай, бо яго творы вучаць нас быць праўдзівымі і спагадлівымі да людскіх бед і няшчасцяў. Досвед Васіля Быкава – жыццёвы і творчы – будзе нашым нацыянальным арыенцірам і, як чыстая крыніца, будзе напаўняць жыццё зямною красой і сілай.

Варта адзначыць, што шлях у зорную вечнасць для пісьменніка пачаўся якраз у горадзе над Нёманам, у найпрыгажэйшым Гродне. Прыехаў ён сюды ў 1947 годзе пасля дэмабілізацыі, працаваў у рэдакцыі ”Гродзенскай праўды”, з якой былі звязаны 16 гадоў яго жыцця. Амаль чвэрць стагоддзя спадар Васіль пражыў у самым беларускім з беларускіх гарадоў. Менавіта тут адбыўся яго літаратурны дэбют: ён надрукаваў першыя апавяданні “У той дзень” і “У першым баі”. Тут ён ажаніўся з Надзеяй Андрэеўнай Кулагінай, супрацоўніцай “Гродзенскай праўды”, тут нарадзіўся яго другі сын Васіль. Мала хто, мусіць, ведае, што быкаўская сям’я змяніла тры кватэры, мела тры адрасы: вуліца Вялікая Траецкая, вуліца Свярдлова і вуліца Парыжскай Камуны.

Трэба сказаць, што ў Гродне Васіль Быкаў вырас як вядомы на ўвесь свет майстар слова, аўтар аповесцей “Жураўліны крык” (1960), “Альпійская балада” (1964) , “Трэцяя ракета” (1962) ,”Мёртвым не баліць” (1965), “Сотнікаў” (1970), “Абеліск” (1971), “Воўчая зграя” (1974), “Круглянскі мост” (1969).

Я лічу, самая істотная заслуга Быкава ў тым, што ў сваіх ваенных творах ён здолеў давесці да маладога пакалення, да ўсіх нас наступную неаспрэчную ісціну: адкрыта і праўдзіва можна пісаць пра асобна ўзятага чалавека, пра яго боль, сумненні і перажыванні, пра вострую неабходнасць выбару, які гэтаму чалавеку належыць зрабіць – самому. А таму ўздзеянне яго несмяротных твораў на свядомасць чытача можна параўнаць з электрашокавай тэрапіяй – чымсьці вельмі балючым, але карысным і патрэбным.

Вось чаму мы можам смела лічыць яго сваім, гродзенскім. Напэўна, толькі Гродна з яго ўнікальнай гісторыяй, архітэктурай, культурай, непаўторным шармам стварыў Майстра такога маштабу.

Вельмі прыемна, што ў нашым горадзе і сёння жывуць тыя, хто блізка ведаў вялікага пісьменніка, хто сябраваў з ім, тыя, хто дыхаў з ім адным паветрам, еў адзін хлеб, чытаў, чытае і будзе чытаць “нашага Васіля”.

Я не магу сказаць, што сёння мы без Быкава. Ёсць, безумоўна, адчуванне, што ў нас тут глуха і пуста без яго, але нябачны дух пісьменніка не можа пакінуць сваіх нашчадкаў, сваіх адданых чытачоў. І таму ён не памёр! Ён недзе тут – у паветры, у душах, у наваколлі.

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий