- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Дзе сустракаліся Адам і Марыля

 

Днямі вучні 7–10 класаў Паляцкішскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам класных кіраўнікоў Марыі Уладзіміраўны Балінскай, Ганны Генадзьеўны Барушка, Алены Зыгмундаўны Пажарыцкай здзейснілі турысцкі паход у мястэчка Больценікі, якое цесна звязана з імем Адама Міцкевіча.

Вясёлае звонкае лета – час адпачынку, цікавых паходаў, экскурсій, вандровак. У кожнага ёсць магчымасць спасцігнуць штосьці новае, запамінальнае, пазнаёміцца з культурна-гістарычнай і прыроднай спадчынай роднага краю.

У час падрыхтоўкі да паходу вучням была прапанавана літаратура, знаёмства з якой дала ім магчымасць спачатку завочна больш дэтальна пазнаёміцца з гэтымі мясцінамі, атрымаць пэўную інфармацыю.

Мноства ўражанняў засталося ў вучняў ад наведвання сядзібна-паркавага комплексу Путкамераў у Больценіках. Здзівілі сваёй арыгінальнасцю печкі і каміны з брытанскай кафлі, дзверы ды элементы ляпніны на сценах. Экспанаты, сабраныя ў музейным пакоі, – сведкі часу і падзей, звязаныя з імем славутага паэта Адама Міцкевіча, выклікалі цікавасць.

Турысты пабывалі ў парку, цудоўны від якога захапляе сваёй прыгажосцю, сустрэлі рэдкія для тутэйшых мясцін пароды дрэў, прайшліся па цяністых алеях. Чытанне вершаў Адама Міцкевіча ў парку дапамагло вучням адчуць і ўявіць той час, калі жыў вялікі паэт. Наведалі ўрочышча Гаік – месца сустрэч Адама і Марылі. Пачутая гісторыя пра іх каханне, якая быццам саткана з легендаў, зачаравала сваёй таямнічасцю і незвычайнасцю, выклікала ў душы спачуванне. Тут па-ранейшаму стаіць велізарны валун з выявай невялікага крыжа – знакам вечнага кахання адно да аднаго. Жыхары мястэчка сцвяржаюць: калі дакрануцца да валуна і загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца. У гэтым паспрабавалі пераканацца і нашы турысты.

Падчас паходу вучні ўсвядомілі, што захаванне помнікаў гісторыі і культуры – гэта справа і абавязак кожнага чалавека.

 

Іван ГАБІС,
педагог сацыяльны
Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий