- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

«Школьны экспрэс» прыбыў на апошнюю станцыю  

 

Летні лагер – гэта магчымасць адпачыць і атрымаць яркія ўражанні перад чарговым навучальным годам. А калі ты адпачываеш у летнім аздараўленчым лагеры “Школьны экспрэс” сярэдняй школы № 1 Смаргоні, такая магчымасць табе забяспечана.

Па-першае, толькі чэрвень на зыходзе, а ты ўжо адпачыў ад школьных заняткаў і атрымаў зарад бадзёрасці. Па-другое, адпачываў ты ў школе, дзе некалі сядзеў за партай і спрабаваў спасцігнуць асновы навукі, а цяпер гэта лагер, дзе можна многае, нават патанчыць на парце. Па-трэцяе, разам з табой адпачываюць тыя, хто не заўсёды мог быць побач на школьных уроках, таму што вы вучыліся ў розных класах, а цяпер у нас адзін калектыў – атрад.

Час першай змены лагера хутка праляцеў, але хочацца ўспомніць лепшыя моманты гэтага залатога адрэзка лета. Выдатная сонечная раніца першага чэрвеня сустрэла навучэнцаў школы ў летнім аздараўленчым лагеры “Школьны экспрэс”. 30 хлопчыкаў і дзяўчынак вырашылі весела і цікава правесці свой летні адпачынак. Лета – пара падарожжаў, і дзецям прапануецца адправіцца ў шлях на чароўным “экспрэсе”.

Першы дзень лагера супаў з цудоўным святам – Днём абароны дзяцей. Квест-гульня “Адна радасць на ўсіх – дзіцячы смех”, прысвечаная гэтаму святу, дала старт аздараўленчай кампаніі. Запамінальнай для дзяцей стала экскурсія ў гарадскі музей, падчас якой яны здзейснілі падарожжа ў краіну Лета, паўдзельнічалі ў забаўцы “Юныя ціктокеры”, правялі конкурс малюнкаў на асфальце “Я малюю лета”.

Прыемным успамінам лагера стала экскурсія ў аранжарэю “Зімовы сад” Смаргонскага ліцэя, якая рашэннем Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнана батанічнай калекцыяй. Дзеці з захапленнем слухалі пра 230 відаў трапічных раслін, якія растуць і квітнеюць у зімовым садзе.

Самым яркім мерапрыемствам лагера можна лічыць конкурсную праграму “Міс пасажырка і Містэр пасажыр “Школьнага экспрэса”. Удзельнікам спатрэбіліся разнастайныя таленты, каб прайсці ўсе выпрабаванні і дамагчыся поспеху. У конкурсе “Гаспадыня” удзельніцам трэба было з завязанымі вачыма вызначыць, што знаходзіцца ў талерках: цукар, соль, гарох, грэчка, рыс, пярлоўка. У конкурсе “Цырульнікі” у ролі стылістаў-цырульнікаў выступілі нашы містэры, а ў ролі кліентаў – дзяўчынкі. Стылістам трэба было заплесці дзяўчынкам касу і прыдумаць прычосцы назву. Прайшоўшы гэтыя і іншыя выпрабаванні, “міс і містэр пасажыры” атрымалі заслужаныя тытулы і ўзнагароды.

Пазнавальнай была экскурсія ў Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Аповед экскурсавода вельмі спадабаўся дзецям, яны задавалі пытанні, цікавіліся гісторыяй розных экспанатаў, даведаліся многае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, разгледзелі фотаздымкі, паслухалі песні ваенных гадоў, разгадалі крыжаванкі.

Свае веды пра Беларусь і малую радзіму – Смаргонь – навучэнцы змаглі прадэманстраваць падчас інтэлектуальнай віктарыны “Мая краіна – Беларусь”. Выхаванцы з лёгкасцю адгадвалі імёны беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, гарадскія славутасці, гістарычныя падзеі, звязаныя з родным горадам.

Экалагічная гульня “Запальваем вясёлку” спрыяла разуменню дзецьмі таго, што ўзаемадзеянне прыроды і чалавека вельмі складанае. Без перабудовы свядомасці і адносін да прыроды жыццё чалавека на зямлі можа спыніцца значна раней, чым мы мяркуем. Кожнаму трэба беражліва ставіцца да прыроды, яе багаццяў, каб пазбегнуць катастрофы на Зямлі.

“Гэты лагер самы лепшы!” – так кажуць дзеці, асабліва тыя, хто прыняў самы актыўны ўдзел у Дні Нептуна. Дзень Нептуна запомніўся ўсеагульнай весялосцю і радасцю. Гэтае свята любяць і дарослыя, і дзеці. На свяце ўсе дзеці сталі “марскімі жыхарамі”. Выратаваны са зняволення вялікі бог мораў і акіянаў прачытаў свой указ, у якім дазволіў аблівацца. Буру эмоцый і захаплення выклікаў указ Нептуна абліваць вадой адно аднаго. Няптун абяцаў вярнуцца на будучы год. Значыць, свята паўторыцца, а ў лагеры з’явяцца новыя аматары водных працэдур.

Выхаванню грамадзянскіх, патрыятычных і духоўна-маральных якасцей у выхаванцаў лагера спрыялі мерапрыемствы, праведзеныя 22 чэрвеня. Гэта і раённы конкурс ваенна-патрыятычнай песні, і ўскладанне кветак да помніка загінуўшаму салдату, і футбольны матч, прысвечаны 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Не засталіся абыякавымі хлопчыкі і дзяўчынкі і да правядзення ў лагеры адзіных дзён інфармавання ў рамках праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”. Яны вучыліся аналізаваць інфармацыю пра сацыяльныя з’явы і працэсы, весці дыскусію па праблемах развіцця сучаснага грамадства.

Многае яшчэ ўспомніцца з вясёлага жыцця ў летнім аздараўленчым лагеры “Школьны экспрэс” дзецям, якія правялі першую змену разам у сценах школы. А хтосьці ўжо захацеў правесці ў школьным лагеры і другую змену. Усіх чакаюць новыя адкрыцці і ўражанні!

 

Вольга АЎГУСЦІНОВІЧ,
дырэктар летняга аздараўленчага лагера “Школьны экспрэс”
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий