- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Запаліць агонь памяці ў сэрцах дзяцей  

 

Кожнае лета вучні сярэдняй школы № 38 Гродна з задавальненнем адпачываюць у прышкольным аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Буслік”. 22 чэрвеня ў лагеры адзначылі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Сёлета ў лагеры аздараўліваецца 128 вучняў 1–6 класаў. Лагернае жыццё насычана цікавымі пазнавальнымі і спартыўнымі мерапрыемствамі. Выхаванцы ўдзельнічаюць у віктарынах, гульнях, конкурсах, наведваюць пажарную аварыйна-выратавальную часць № 7, іміджавы аб’ект МНС “Юны ратавальнік”, школьны музей “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і”.

Да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны дзеці і выхавальнікі рыхтаваліся загадзя: вучылі вершы, шукалі звесткі пра юных герояў вайны, падбіралі ілюстрацыі да калажаў. Дзень пачаўся з лінейкі, на якой хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у хвіліне маўчання, даведаліся пра трагічныя падзеі першага дня вайны, пра вялікі подзвіг мільёнаў савецкіх людзей, якія загінулі дзеля нашага мірнага жыцця. Затым вучні наведалі школьны музей, дзе для іх была падрыхтавана экскурсія пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе Гродна і гібель салдат 85-й стралковай дывізіі, якія першымі прынялі на сябе ўдар ворага. Выхаванцы старэйшых атрадаў наведалі Памятны знак, устаноўлены на месцы гібелі дывізіі, усклалі кветкі і ўшанавалі памяць воінаў хвілінай маўчання.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Глядзі і помні” дзеці прынялі ўдзел у праглядзе фільмаў “Салдацік” і “Зорка” і стварылі калажы на іх аснове. А выхаванцы першага і восьмага атрадаў даведаліся на занятках, што ў час вайны салдаты прысылалі сваім родным пісьмы, складзеныя трохвугольнікам. Такія пісьмы былі самым каштоўным, што мог прынесці паштальён, бо гэта былі вестачкі з фронту. Дзеці напісалі і перадалі трохвугольнікі са словамі падтрымкі і ўдзячнасці салдатам, якія служаць у воінскай часці 51171, што знаходзіцца недалёка ад школы. Салдаты з хваляваннем і радасцю чыталі пасланні ад юных выхаванцаў “Бусліка”.

Мерапрыемствы Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны не пакінулі абыякавым ні аднаго вучня. Дзеці адчулі вялікую павагу да воінаў-вызваліцеляў, якія да апошняй кроплі крыві змагаліся за кожны кавалачак роднай зямлі, зразумелі, што неабходна ведаць пра подзвігі герояў і шанаваць памяць тых, хто загінуў за Радзіму.    

 

Ганна РАСІЛЕВІЧ,
намеснiк дырэктара аздараўленчага лагера “Буслiк”,
настаўнiк сярэдняй школы № 38 Гродна

 

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий