- Мастер-класс, Методичка

Майстар-клас “Уменне задаваць пытанні як ключавы навык любой камунікацыі”  

 

Святлана БАШКО,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

           Мэта: мяркуецца, што да заканчэння майстар-класа яго ўдзельнікі будуць ведаць, якія бываюць пытанні па сваёй структуры, пазнаёмяцца з прыёмамі па развіцці ўмення задаваць пытанні на ўроках у пачатковай школе.

          Задачы:

– стварыць умовы для фарміравання матывацыйнай гатоўнасці ўдзельнікаў майстар-класа да азнаямлення з прыёмамі развіцця ўмення задаваць пытанні,  класіфікацыяй пытанняў;

– арганізаваць узаемадзеянне ўдзельнікаў на ўсіх этапах работы;

– садзейнічаць усведамленню ўдзельнікамі значнасці атрыманага вопыту.

          Абсталяванне:    раздатачны матэрыял, заданні на картках для правядзення гульняў і практыкаванняў.

 

Ход майстар-класа

 

І Арганізацыйна-матывацыйны этап

Цяперашні час – гэта час адкрытага дыялогу, канструктыўнага супрацоўніцтва. Таму вялікае значэнне надаецца такой кампетэнцыі, як сацыяльная камунікатыўнасць, якая  ўключае у сябе ўменне слухаць, чуць і дагаворвацца, удзельчаць у калектыўным абмеркаванні праблем, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, не дапускаць канфліктных сітуацый, прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць. Гэта немагчыма без умення дакладна, граматна, карэктна, мэтазгодна фармуляваць пытанні як субяседніку, так і сабе самому. 

Акрамя таго вялікая колькасць навуковых адкрыццяў і вынаходніцтваў адбыліся таму, што людзі задавалі пытанні. Усё, з чаго сёння складаюцца нашы падручнікі, – гэта адказы на пастаўленыя кімсьці пытанні. Чалавек, які задае пытанне, на якое не ведае адказу, па сутнасці гатовы для рэалізацыі новых магчымасцей.

Амерыканскі даследчык А.Кінг сцвярджае, што “ўменне задаваць прадуманыя пытанні – гэта той навык, якому варта вучыць, паколькі большасць людзей прызвычаілася задаваць даволі прымітыўныя пытанні, якія патрабуюць пры адказе на іх толькі невялікага напружання памяці. Толькі тыя, хто ўмее мысліць, умеюць задаваць пытанні”. Значыць, гэтаму абавязкова трэба вучыць нашых вучняў.

Уменне дакладна фармуляваць пытанне, задаваць яго, а не пазбягаць цяжкасцей – тое ўменне, якое спатрэбіцца ў жыцці. Гэта ўменне дапамагае пры рашэнні інтэлектуальных задач, спрыяе паляпшэнню ўзаемаразумення і ўзаемадзеяння паміж людзьмі ў любым узросце.

 

ІІ Актуалізацыя суб’ектнага вопыту ўдзельнікаў

Слова “пытанне” знаёмае кожнаму з вас. А дайце, калі ласка, азначэнне гэтаму слову.

Яшчэ прасцей такое дзеянне, як “задаць пытанне”. Чалавек задае пытанні з ранняга дзяцінства. У 2-3 гады – пытанні “Хто?”, “Што?”. У 4 гады – “Чаму?”. Потым пытанні “Калі?”, “Дзе”, “Навошта?”. Прыкладна гадоў у 6-7 дзяцей пачынаюць хваляваць “філасофскія пытанні”, на якія цяжка адказваць.

Менавіта пытанне накіроўвае мысленне на пошук адказу на яго, абуджае патрэбу ў пазнанні. Значыць, чалавек амаль з самага свайго нараджэння валодае ўменнем задаваць пытанні. Вось чаму так важна дарослым не  пазбавіць дзяцей гэтага жадання, а замацаваць і развіваць.

 

ІІІ Мэтавызначэнне

          Прыём “Чалавек”.

 

IV Інфармацыйна-дзейнасны этап

Давайце спачатку абмяркуем, для чаго патрэбны пытанні?

Псіхолаг В.М.Сняткоў вылучае некалькі функцый пытанняў:

     1 Атрыманне новай інфармацыі. (З дапамогай пытання можна атрымаць новую інфармацыю).

     2 Удакладненне наяўнай. (Калі правільна задаць пытанне, можна ўдакладніць ужо наяўную інфармацыю).

     3 Пераключэнне размовы на іншую тэму. (Можна выкарыстаць пытанне для пераводу гутаркі ў іншае рэчышча).

     4 Падказка адказу. (Трапна, правільна пастаўленае пытанне можа падказаць адказ).

     5 Дэманстрацыя свайго меркавання. (Задаючы пытанне, можна прадэманстраваць сваё меркаванне).

     6 Ацэнкі, пазіцыі. (Пазначыць сваю пазіцыю).

     7 Настройка свядомасці і эмоцый суразмоўцы на пэўны лад (З дапамогай пытанняў можна наладзіць з субяседнікам патрэбны вам тэмп, лад гутаркі).

А для чаго патрэбны пытанні на вучэбных занятках?

Закончыце сказ: “На ўроку пытанні патрэбны для ….”

Такім чынам, мы можам выдзеліць тры асноўныя функцыі пытанняў на ўроку: кантралюючую (для праверкі і ацэнкі адказаў); арганізацыйную (для гутаркі і зносін, для арганізацыі дзейнасці, для цікаўнасці); развіваючую (для навучання дзеянням, для развіцця здольнасцей, для разважанняў, для рашэння праблемы).

Вядомыя педагогі, псіхолагі і сацыёлагі прапануюць разнастайныя варыянты класіфікацый пытанняў.

Прадстаўляем вам класіфікацыю пытанняў амерыканскага псіхолага Б.Блума.

     Простыя пытанні (фактычныя пытанні) – патрабуюць ведаў фактычнага матэрыялу, арыентаваны на работу памяці. (Што? Дзе?).

     Удакладняючыя пытанні – “Наколькі я зразумеў ….”, “Ці правільна я вас зразумела, што…”.

      Тлумачальныя пытанні – падахвочваюць да інтэрпрэтацыі, задаюцца для навучання ўсведамленню прычын тых ці іншых учынкаў або меркаванняў. (Чаму?).

     Ацэначныя пытанні (параўнанне) – неабходна выкарыстоўваць, калі вы чуеце, што нехта выказвае іншаму сваю незадаволенасць або задавальненне ад таго, што адбылося.

     Творчыя пытанні (прагноз) – “Як вы думаеце, што адбудзецца далей…?”

     Практычныя пытанні – “Як мы можам …?” “Як паступілі б вы …?”

 

     Практыкаванне “Пастаў пытанне”. Выконваецца па групах. Удзельнікам прапануецца мастацкі тэкст (урывак). Неабходна паставіць да яго пытанні згодна класіфікацыі Блума – простыя, удакладняючыя, тлумачальныя, ацэначныя, творчыя, практычныя.

Вы паспрабавалі самі саставіць разнастайныя пытанні да тэксту і ўбачылі, што гэта патрабуе пэўных інтэлектуальных намаганняў. Навучанне ўменню задаваць пытанні выхоўвае ўвагу да дэталяў навакольнага свету, вучыць адрозніваць галоўнае ад другаснага, станоўчае ад адмоўнага, вучыць бачыць праблему, разумець суразмоўцу, аргументаваць асабістае меркаванне. Уменне задаваць пытанні – важная рыса дапытлівага чалавека з аналітычным мысленнем.

Вялікую ўвагу настаўнікам неабходна надаваць уменню вучняў самастойна і ставіць пытанні, і шукаць на іх адказы. У педагагічнай практыцы выпрацаваны розныя метады і прыёмы развіцця ўмення задаваць пытанні ў вучняў пачатковых класаў. Гэта выкарыстанне методыкі мэтавызначэння пры дапамозе пытанняў, арганізацыя пошукавай і праблемна-даследчай дзейнасці, метадаў праблемнага навучання і інш.

Пастаноўка пытанняў – не такі просты для вучняў від работы, таму настаўніку неабходна прымяняць для гэтага спецыяльныя прыёмы. Прапануем вам некаторыя гульні і прыёмы  для развіцця ўмення задаваць пытанні.

(Удзельнікі майстар-класа выступаюць у ролі вучняў і выконваюць прапанаваныя практыкаванні, гуляюць у гульні).

 

     Гульня Адгадай пытанне”

Вучню, які выйшаў да дошкі, даецца картка з пытаннем. Заданне: моўчкі прачытаць пытанне і гучна адказаць на яго. Усім астатнім трэба  здагадацца, якім было пытанне. Пытанні павінны быць сфармуляваны па вывучаным матэрыяле. Калі вучні змаглі ўзнавіць пытанне, то адказ, які даў першы вучань, – правільны. (Франтальная работа).

 

     Гульня “Чорная скрынка”

У чорнай скрыні схаваны прадмет. З  дапамогай пытанняў трэба адгадаць, што ў скрыні. Нельга задаваць пытанне: “Што гэта?” і “Як гэта называецца?” Выйграе той, хто задаў менш пытанняў і адгадаў, што схавана. Такім чынам, вучні вучацца задаваць змястоўныя і канкрэтныя пытанні.

 

     Прыём “Пытальныя словы”

Варыянт 1. Вучням прапануюцца разнастайныя прадметныя малюнкі (прадметы на стале). Заданне: “Задайце розныя пытанні пра тое,  што б вы хацелі даведацца пра намаляваныя прадметы” (“Якія пытанні дапамогуць табе больш даведацца аб прадмеце, які ляжыць на стале?”). (Франтальная работа).

Варыянт 2. Вучні запаўняюць табліцу, якая складаецца з дзвюх калонак. У левай калонцы запісваюцца пытальныя словы, а ў правую калонку – паняцці, звязаныя з вывучаемай тэмай. Пасля гэтага прапануецца за 5-7 хвілін сфармуляваць як мага больш пытанняў, спалучаючы элементы абедзвюх калонак. Гэту работу можна выконваць індывідуальна або ў парах.

 

     Гульня Задай пытанні па ілюстрацыі

Вучні дзеляцца на дзве групы. Кожнай групе паказваюць сваю рэпрадукцыю (ілюстрацыю, сюжэтны малюнак) столькі часу, колькі яны папросяць. Затым рэпрадукцыю першай каманды паказваюць вучням другой каманды і просяць задаваць пытанні па рэпрадукцыі аб усіх дэталях вучням першай каманды. Потым наадварот. Тая група, якая адказала на ўсе пытанні, лічыцца пераможцай.

 

     Прыём Кубік Блума

Гэты прыём дазваляе фармуляваць пытанні самага рознага характару. На гранях кубіка напісаны пачаткі пытанняў: “Чаму…”, “Растлумач…”, “Назаві…”, “Прапануй…”, “Прыдумай…”, “Падзяліся…”. Адзін вучань кідае кубік. Яму неабходна сфармуляваць пытанне да вучэбнага матэрыялу па той грані, на якую выпадзе кубік.

Вялікія магчымасці для навучання вучняў пачатковых класаў уменню ставіць пытанні прадастаўляе работа з тэкстам. Прапануем некалькі прыёмаў развіцця ўмення для правільнай фармулёўкі пытанняў.

 

      Прыём “Пытанні да тэкста”

Варыянт 1. Запоўніць табліцу пасля прачытвання тэксту.

Што?

Хто?

Калі?

Дзе?

Чаму?

Навошта?

 

 

 

 

 

 

Варыянт 2. Пастаноўка пытанняў да загалоўка тэксту.

Вучням прапануюцца карткі. На картках тэкст. Назва тэксту адкрыта, а яго змест закрыты. Вучням прапануецца да тэксту ў адпаведнасці з назвай задаць “тонкія” пытанні (Што? Хто? Дзе? Калі? Якія?), на якія могуць быць у тэксце дадзены адказы. Пытанні фіксуюцца на дошцы. Пасля працы з пытаннямі, вучні адкрываюць тэкст, чытаюць (можна ў групах, у парах) і супастаўляюць свае пытанні з матэрыялам тэксту. Потым падводзім вынік: на якія пытанні знайшлі адказы? Якія пытанні засталіся без адказаў? Адказы на іх можна будзе знайсці ў дадатковай літаратуры.

Калі вучні самі задаюць пытанні, іх пазнавальная дзейнасць на ўроку працякае больш прадуктыўна. Праз пытанні вучняў уключаецца матывацыйны механізм асобы, актывізуюцца інтарэсы, патрэбы, імкненні. Сістэматычнае выкарыстанне дадзеных прыёмаў забяспечвае развіццё пазнавальнай актыўнасці і самастойнасці вучняў.

 

V Падвядзенне вынікаў

Падвесці вынікі нашай размовы хочацца ў выглядзе “шкоднай” дзіцячай гульні “Купі слана”. Па правілах гульні паміж двума дзецьмі пачынаецца дыялог, які  можа доўжыцца бясконца доўга. Акрамя вытрымкі і цярпення ён развівае ўменне знайсці такую моўную канструкцыю, якая дазваляе паспяхова выйсці са складанай сітуацыі ці, наадварот, як мага даўжэй пратрымацца ў дыялогу.

Паразважайце на тэму “Развіццё ўмення задаваць пытанні”. Пабудуйце дыялог па тыпу “Купі слана”.

 

VІ Рэфлексія

Прыём “Роскід думак”

 

VІІ Заключнае слова

Існуе яшчэ не менш важнае значэнне ўмення задаваць пытанні. Рана ці позна кожны чалавек у сваім жыцці пачынае задаваць пытанні САБЕ. Пытанні гэтыя часта філасофскія, часам рытарычныя. Пытанні гэтыя важныя, яны хвалююць, трывожаць, і ад таго, наколькі правільна мы будзем задаваць сабе такія пытанні, залежыць наш стан, устойлівасць жыццёвай гармоніі. Няправільна зададзеныя пытанні такога роду здольныя прыгнятаць, заганяць у тупік, нават, прывесці да такога стану, калі чалавек губляе сэнс жыцця ад адчування безвыходнасці. Магчыма, варта ўжо з дзяцінства вучыць дзяцей ставіць сабе пытанні, фарміраваць граматныя навыкі пастаноўкі такіх пытанняў, арыентаваць на пазітыў у дачыненні да рашэння любой праблемы пры ўмове, калі пытанне зададзены своечасова і зразумела.

Дзякуй за работу!

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий